Славутыя імёны полацкай зямлі

25 чэрвеня 2010 г. споўніцца 175 гадоў з таго дня, калі Полацкі кадэцкі корпус прыняў сваіх першых выхаванцаў. Да гэтай даты прымеркаваны музейна-педагагічны занятак “Славутыя імёны полацкай зямлі”, які праходзіў у зале Краязнаўчага музея. Маленькія слухачы пачулі шмат новага і цікавага пра жыццё хлопчыкаў-кадэтаў, якія вучыліся ў Полацку больш за 100 гадоў назад. Вучні сучасных школ змаглі параўнаць свае заняткі з даўнейшымі навукамі, распарадак дня сённяшняга школьніка з рэжымам будучага ваеннага, а таксама пазнаёміцца са спосабамі заахвочванняў і пакаранняў у кадэцкім корпусе.

Многія палачане сёння ведаюць імя Рамана Ісідаравіча Кандраценкі, выпускніка кадэцкага корпуса ў Полацку, дзякуючы ўстаноўленаму бюсту побач з галоўнай плошчай горада. Аднак многія з выпускнікоў розных гадоў набылі вядомасць не толькі ў ваеннай сферы, але нават і ў навуцы. З імі і пазнаёміліся дзеці на занятку. Яны адкрылі для сябе імёны Віктара Кірпічова – першага рэктара Кіеўскага універсітэта і вядомага навукоўцы і выкладчыка, Глеба Аляхновіча – лётчыка-рэкардсмена, першага рускага лётчыка ў акулярах. Маленькія наведвальнікі былі вельмі ўражаны. У выніку не толькі хлопчыкі, але і некаторыя дзяўчынкі захацелі ў будучым стаць кадэтамі.

Краязнаўчы музей выказвае падзяку загадчыку Музея баявой славы С. І. Палякову, дырэктару СШ № 4 Ж. Я. Жаўняровіч за дапамогу ў падрыхтоўцы занятку, а таксама юнаму кадэту Паўлу Іванчыкаву, які перадаў уласную форму.