Вечарына паэзіі і бардаўскай песні

20 сакавіка 2010 года а 17 гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца вечарына паэзіі і бардаўскай песні, прымеркаваная да Сусветнага дня паэзіі.

У 1990 годзе на 30-й сесіі генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА было прынята рашэнне адзначаць Сусветны дзень паэзіі 21 сакавіка. Першы Сусветны дзень паэзіі адзначылі ў Парыжы, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Юнэска. Гэты дзень, лічыць ЮНЭСКА, закліканы паслужыць стварэнню ў сродках масавай інфармацыі пазітыўнага вобраза паэзіі як сапраўднага сучаснага мастацтва, адкрытага людзям.
Вядучы вечарыны – беларускі паэт, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь – Міхась Башлакоў. Пад час правядзення вечарыны прагучаць вершы ў выкананні М.Башлакова і маладых беларускіх паэтаў, а Дзмітрый Пятровіч і Таццяна Ганчарык выканаюць бардаўскія песні .

Міхась Башлакоў нарадзіўся 27.04.1951 г. у пасёлку Станцыя Церуха (цяпер вёска Баштан) Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.У 1967 г. скончыў Грабаўскую сярэднюю школу і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1973) працаваў настаўнікам ў школе. З 1985 г.– карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР па Гомельскай вобласці. Сябра СП СССР з 1988 г. Цяпер працуе ў Дзяржаўным камітэце Рэспублікі Беларусь па друку. Аўтар кніг і паэм "Касавіца" /1979/, "Начны паром" /1987/, "Днi мае залатыя" /1993/ , "Ліея на цёмнай вадзе" /паэма,1994/,"Як слёзы горкія Айчыны"/1999/. На вершы паэта напісаны музычныя творы.
У 2009 годзе стаў лаурэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за кнігі “Нетры”, “Плын. Чарнобыль”. Паэзія Міхася Башлакова адметная шчырасцю, меладычнасцю, тонкім лірызмам. Яна пранізана болем за лёс народа i роднай зямлі.