Фотавыстава «Беларусь запаведная» Вячаслава Алешкі

18 сакавіка 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца фотавыстава Вячаслава Алешкі «Беларусь запаведная» , прысвечаная багаццю і прыгажосці роднай прыроды. Дзівосныя пейзажы і малюнкі фотапалявання, якому аўтар прысвяціў болей за сорак гадоў, раскрываюць хараство і гармонію царства беларускай прыроды.
Нарадзіўся Вячаслаў Алешка ў невялікай вёсцы Хінолаўка на Случчыне. Фатаграфіяй захапіўся ў ранняй маладосці і захаваў гэтае захапленне на ўсё жыццё, прайшоўшы шлях ад простага рабочага да намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
На выставе «Беларусь запаведная» дэманструюцца каля 70 фотаработ зробленых за апошнія 15 год і гэта толькі частка унікальнай калекцыі аўтара. Фотаработы В.Алешкі – гэта лічбавы друк на палатне па нямецкай тэхналогіі.
Фотамастак перакананы, што мастацкая фатаграфія – цудоўны спосаб захаваць непаўторныя імгненні зменлівага свету і падараваць людзям магчымасць адкрыць для сябе дзівосны і таямнічы свет прыроды, адчуць яго дабратворны ўплыў на нашыя душы. Краіна, у якой мы жывём, – гэта неацэнны скарб, які мы павінны зберагчы для нашых дзяцей і ўнукаў.
Вячаслаў Алешка – аўтар сямі ілюстраваных яго ж здымкамі кніг пра прыроду. Першая – “З любоўю да прыроды” – выйшла ў 1977 годзе. Два наступныя фотаальбомы – “Спатканне з лесам” і “Сам-насам з прыродай” – прынеслі аўтару славу фотамайстра, які здольны паэтычна адлюстраваць усё багацце прыроднага свету. Захапленне ім і здольнасць занатаваць цудоўныя імгненні жыцця прыроды ўвасоблены і ў трэцім фотаальбоме аўтара “Беларусь запаведная”.
Майстар вядомы таксама сваімі замалёўкамі і фотарэпартажамі пра падарожжы не толькі па Беларусі, але і па Запаляр’і, Сібіры, Далёкаму Усходу Расіі і нават Афрыцы.
Персанальныя фотавыставы Вячаслава Алешкі праходзілі ў Мінску, Полацку, Клецку, Слуцку, Вільнюсе, у музеі нацыянальнага парка Белавежская пушча і паўсюль мелі вялікі поспех.