Выстаўка жывапісу і графікі Аляксея Марачкіна адчынена у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

На выставе ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка А.Марачкін прадставіў работы, створаныя за апошнія пяць гадоў.
Выстаўка прысвечана 70-годдзю з дня нараджэння мастака.
Аляксей Антонавіч Марачкін нарадзіўся 30 сакавіка 1940 г. у вёсцы Папоўшчына (Новая Слабада) на Магілёўшчыне. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут -- мастацка-графічнае аддзяленне (1962), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут -- аддзяленне жывапісу (1972). Яго педагогамі былі вядомыя ў Беларусі мастакі Іван Ахрэмчык і Натан Воранаў.
Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1977 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1966 г. Геаграфія выставачнай дзейнасці: Беларусь, Расія, Літва, Чэхія, Славакія, Фінляндыя, Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія.
Працуе ў розных жанрах жывапісу, графіцы. Для творчасці характэрныя асацыятыўна-алегарычнае мысленне, асэнсаванне беларускай гісторыі і традыцыі. Стварыў серыі жывапісных партрэтаў дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі, “Маляваныя дываны”, нізку карцін “Легенды і паданні Беларусі”, творы сацыяльна-палітычнага гучання, нацюрморты, пейзажы.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Дырэкцыі выстаў Міністэрства культуры, Нацыянальным Полацкім музеі-запаведніку, музеях Віцебска, Магілёва, Гародні, Чэрыкава, у музеі “Zimmerli Art” (ЗША), у прыватных калекцыях Беларусі і замежжа.
Адзін з арганізатараў і першы кіраўнік творчай суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў, якая ў 2001 г. ганаравала яго срэбным медалём “Адраджэньне Беларусі”. Мае таксама дзяржаўны медаль Францыска Скарыны (1992) за высокія дасягненні ў галіне нацыянальнага адраджэння і прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа.