Выстаўка “Водбліскі ваеннай славы”

Выстаўка

“Водбліскі ваеннай славы”
(еўрапейская зброя і вайсковае абмундзіраванне ХІХ – першай паловы ХХ стст. са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь)

Да 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 8 мая 2010 года а 15-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава «Водбліскі ваеннай славы» (еўрапейская зброя і вайсковае абмундзіраванне ХІХ – першай паловы ХХ стст. са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь).
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь з’яўляецца буйнейшым музеем краіны, збор якога налічвае каля 400 000 адзінак захоўвання, якія размеркаваны па 48 калекцыях.
Ваенна-гістарычныя калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (“Зброя халодная”, “Зброя агнястрэльная”, “Вайсковае абмундзіраванне і рыштунак”, “Боепрыпасы”) налічваюць больш за 2500 адзінак асноўнага фонду, ахопліваюць перыяд часу ад другой паловы XVI па сярэдзіну ХХ стст. і з’яўляюцца неад’емнай часткай збору музея. Прадметы гэтых калекцый здольныя раскрыць не толькі ваенна-гістарычную тэматыку, але і гісторыю тэхнічнага прагрэсу чалавецтва.
Выстава адлюстроўвае развіццё вайсковай справы за 150-гадовы перыяд, з часу напалеонаўскіх войнаў і да канца Другой сусветнай вайны. На выставе прадстаўлена каля 100 адзінак халоднай зброі (пяхотныя і кавалерыйскія шпагі і палашы, казачыя шашкі, абардажная халодная зброя флоту і інш.) і 60 адзінак агнястрэльнай зброі (ружжы і пісталеты з крамянёвымі і капсульнымі замкамі, вінтоўкі, пісталеты-кулямёты і інш.), рарытэтныя ўзоры вайсковага абмундзіравання і рыштунку (фрачныя мундзіры і паўкафтаны, ківеры, фуражкі і інш.). Большая частка прадметаў экспануецца ўпершыню. Асобны раздзел выставы – мемарыяльныя комплексы, прысвечаныя выдатным савецкім военачальнікам перыяду Вялікай Айчыннай вайны (Г.К. Жукаву, Н.Я. Чыбісаву), у тым ліку ўраджэнцам Беларусі (А.І. Антонаву, А.С. Дземяшкевічу, Б.А. Пігарэвічу, Л.В. Грынвальд-Мухо), якія зрабілі значны ўнёсак у справу агульнай перамогі.
Пад час адкрыцця выставы пройдзе прэзентацыя памятнай манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь “65 год Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”, а таксама даведачна-метадычнага дапаможніка “Сучасная кароткаклінковая халодная зброя і канструкцыйна падобныя да яе вырабы”.

1880