Круглы стол, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы

17 мая а 10.00 ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе круглы стол, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы – вырашальнай бітвы Вялікай вайны 1409–1411 гадоў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай з аднога боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Войскі саюзнікаў, якімі камандавалі Вітаўт і Ягайла, ушчэнт разбілі крыжакоў, што падарвала магутнасць ордэна і паклала канец нападам крыжакоў на беларускія, літоўскія і польскія землі.
У рабоце круглага стала бяруць удзел вучоныя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі вядучых ВНУ краіны, супрацоўнікі музеяў і архіваў, якія абмяняюцца сваімі меркаваннямі аб гэтай гістарычнай падзеі. З вынікамі навуковых даследаванняў па дадзенай тэматыцы ўдзельнікаў круглага стала пазнаёмяць вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук Ю.М.Бохан, прафесар кафедры гісторыі Старажытнага свету і Сярэдніх вякоў Беларускага дзяржаўнага універсітэта І.А.Еўтухоў, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацаваў, кандыдат гістарычных навук А.А.Трусаў, дацэнт кафедры дызайну, дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і тэхнічнай графікі Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Машэрава, кандыдат мастацтвазнаўства І.В.Гарбуноў і іншыя.
Удзельнікі круглага стала пазнаёмяцца з выстаўкай твораў беларускіх мастакоў, прысвечанай 600-годдзю Грунвальда (сумесны выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Беларускага саюза мастакоў), а таксама выстаўкай, прысвечанай 65-годдзю Вялікай Перамогі “Водбліскі ваеннай славы. Еўрапейская зброя і вайсковае абмундзіраванне ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзя са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь” у рамках экспазіцыйнага праекта “Еўрапейскія арміі на шляху да сучаснасці”.