Вынік непаразумення. Год пасля.

Роўна год таму, 26 мая 2009 года Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь наведалі прадстаўнікі роду Радзівілаў на чале з пані Эльжбетай Тамашэўскай, народжанай князёўнай Радзівіл. Пад час агляду экспазіцыі, дзе змешчаны партрэты слыннага роду, узнікла рознагалоссе адносна атрыбуцыі партрэта дамы сталага веку ў чапцы, з ордэнскай стужкай праз плячо і дзвюма ўзнагародамі. Анатацыя да партрэта паведамляла, што на ім – Луіза з Гогенцолернаў Радзіліл, якая з’яўлялася жонкай Антонія Генрыка Радзівіла, ХІІ ардыната Нясвіжа. Шаноўная госця музея, князёўна Радзівіл, катэгарычна не пагадзілася з гэтым подпісам. Яна назвала іншае імя адлюстраванай на партрэце – Аляксандра Браніцкая, народжаная Энгельгарт.
Зробленая заява падштурхнула да новых пошукаў ісціны. У выніку праведзеных мастацтвазнаўчых, дакументальных і іншых даследаваннняў першапачатковая атрыбуцыя, зробленая музеем, не толькі не была абвергнута, але яшчэ больш узмацніла сваю слушнасць. Знойдзеныя доказы былі прадстаўлены на навуковай канферэнцыі ў Нясьвіжы 20 кастрычніка 2009 года. У лістападзе князь Мікалай Радзівіл у дасланым лісце прыняў аргументы музея і пагадзіўся, што на партрэце, сапраўды, Луіза Гогенцолерн.

Аляксандра Браніцкая (1754–1838) – прапрапрабабка пані Эльжбеты Тамашэўскай Радзівіл з боку яе бабкі Марыі Розы з Браніцкіх Радзівіл (1863–1941). Згодна з паданнем – таемная дачка Кацярыны ІІ.
Луіза Гогенцолерн (1770– 1836) – прапрапрабабка пані Эльжбеты Тамашэўскай Радзівіл па мужчынскай лініі роду, прынцэса пруская, пляменніца караля Прусіі Фрыдрыха ІІ. Вышла замуж за Антонія Генрыка Радзівіла, ХІІ нясвіжскага ардыната, у 1796 г.

Даклад “Партрэт невядомай” з радзівілаўскага збору ў Нясьвіжскім замку. Атрыбуцыя” друкуецца ў зборніку матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Нясвіжскі палац Радзівілаў: гісторыя, новыя даследаванні. Вопыт стварэння палацавых музейных экспазіцый”. Нясвіж. 20 кастрычніка 2009 г.
З дакладам можна азнаёміцца на сайце музея.