Выстаўка "З дрэва, гліны і металу"

Выстаўка "З дрэва, гліны і металу"
9.11– 5.12.2010
17.00

9 лістапада 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “З дрэва, гліны і металу”, арганізаваная Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
На выстаўцы прадстаўлены творы трох мастакоў – сяброў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці – Андрэя Мяцельскага, Генадзя Саваня, Аляксандра Паўлава. Работы выкананы з трох непадобных матэрыялаў і ў розных тэхніках – мастацкая кераміка, чаканка і ліццё, а таксама разьба па дрэве. Нягледзячы на адметныя рысы, мастацкія творы аб’ядноўвае выкарыстанне традыцыйных матэрыялаў, якія спрадвеку ўжываліся на Беларусі, і натхненне багатай спадчынай народных рамёстваў.
Аляксандр Паўлаў – майстар чаканкi, асноўнымi тэмамi яго твораў з’яўляюцца ваенна-гiстарычныя сюжэты, якiя адлюстроўваюць побыт насельніцтва старажытнай Беларусi, а таксама рэлiгiйная тэматыка. Акрамя таго Аляксандр Паўлаў, адзiн з нешматлікіх мастакоў, які валодае вытанчаным майстэрствам партрэтнай чаканкi. Ён неаднаразовы прызёр рэспубліканскiх фестываляў і конкурсаў рамёстваў.
Андрэй Мяцельскі з’яўляецца майстрам мастацкай керамікі. У сваёй рабоце аўтар натхняецца старадаўнім ганчарным мастацтвам Беларусі. Яго керамічныя формы заснаваны на традыцыйнай кераміцы і міфалогіі нашай Бацькаўшчыны. Улюбёныя тэхнікі аўтара – дымленне і вашчэнне. Андрэй Мяцельскі з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і выставак. Удастоены ўзнагароды за высокае майстэрства і асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё традыцый ганчарства.
Генадзь Савонь – каваль, майстар высокага ўзроўню. Прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах. Работы Генадзя Фёдаравіча заўсёды вылучаюцца майстэрствам і адметным пачуццём гумару.
Рукатворныя вырабы беларускіх майстроў адзначаны чароўнай непасрэднасцю і самабытным хараством.

1912