Выстаўка “Вернутыя імгненні. Яўрэі царскай Расіі”

Выстаўка
“ Вернутыя імгненні. Яўрэі царскай Расіі ”

30.11.2010 – 16.01.2011
17.00

30 лістапада а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка “Вернутыя імгненні. Яўрэі царскай Расіі”. Дадзеная выстаўка – сумесны праект Расійскага этнаграфічнага музея і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Выстаўка «Вернутыя імгненні. Яўрэі царскай Расіі» аб’ядноўвае аднаіменную выстаўку-факсіміле фотаздымкаў па гісторыі яўрэйскай культуры з унікальнай калекцыі Расійскага этнаграфічнага музея, а таксама рарытэтныя рэчы сакральнага і пабытовага прызначэння традыцыйнай яўрэйскай культуры з калекцый гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Фотавыстаўка знаёміць з работамі вядомых і безыменных фатографаў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Сярод іх – работы вядомага фатографа, аматара старажытнасцяў М.Ф. Кусцінскага, прафесійнага фатографа А.В. Сялецкага, цікавага і яркага фатографа, вядомага нумізмата Міхаіла Грэйма і іншых. На выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі з этнаграфічных экспедыцый вядомых даследчыкаў А.К. Сержпутоўскага, А. Завадскага, М.А. Крукоўскага, Д.І. Дуброўскага, С.А. Ан-скага.
Частка экспануемых фотаздымкаў упершыню была прадстаўлена шырокай публіцы на знакамітай Першай Этнаграфічнай выстаўцы, якая адкрылася ў Маскве ў маі 1867 г. Больш 40 фотаздымкаў знаёмілі наведвальнікаў з жыццём і побытам яўрэяў Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай, Камянец-Падольскай губерній, гарадоў Вільні, Бярдычава і іншых месцаў.
Больш за шэсцьсот гадоў, з часоў князя Вітаўта, яўрэі жывуць на землях Беларусі. Іх колькасць значна ўзрасла ў канцы XVIII ст. пасля ўсталявання мяжы яўрэйскай аселасці (1791 – 1917 ). На пачатак ХХ ст. яўрэі складалі 14% ад ўсяго насельніцтва Беларусі і надавалі непаўторны каларыт беларускім мястэчкам і гарадам. Яўрэйская культура стала значнай часткай беларускай нацыянальнай культуры.
Выстаўка «Вернутыя імгненні. Яўрэі царскай Расіі» – гэта своеасаблівы летапіс жыцця яўрэяў сярэдзіны ХІХ ст., яна дае ўнікальную магчымасць гледачу ХХІ ст. па-новаму адкрыць для сябе свет яўрэйскай культуры.

1967