Выстаўка вышыўкі "Жывая нітка традыцый"

Жывая нітка традыцый...
У музеі адкрылася невялікая выстаўка. У ёй прадстаўлены вышытыя ручнікі і вышытыя карціны рознай тэматыкі. Аўтарамі гэтых работ з'яўляюцца жанчыны з народнага клуба «Майстар», які працуе пры раённым цэнтры рамёстваў.
Вышыўка адносіцца да найстаражытнейшых заняткаў чалавека. У другой палове XIX пачатку XX ст. вышыванне на Беларусі было адным з пашыраных заняткаў, а вышыўка - развітым і папулярным відам народнага мастацтва. Вышыванне здаўна лічылася ў беларусаў абавязкам выключна жаночым, хоць і з пэўнымі ўзроставымі абмежаваннямі. Жанчына ў замужжы аддавала рукадзеллю не так шмат увагі - перш за ўсё з-за адсутнасці вольнага часу. Вышыванне было заняткам дзяўчыны ў той перыяд яе жыцця, калі ўсе яе намаганні і думкі скіроўваліся да вясельнай скрыні, на тое, каб назапасіць патрэбную колькасць рытуальных прадметаў, як след падрыхтавацца да будучага сямейнага жыцця. Прыкладна з 12 - 15-гадовага ўзросту дзяўчына пачынала засвойваць працэс арнаментацыі іголкай. Першыя ўрокі браліся ў маці, чым забяспечвалася бесперапынная перадача традыцый, неабходных рамесніцкіх навыкаў. Вышывалі і дома, вышывалі і на вячорках, асабліва ўзімку, чаргуючы шытво і прадзіва з танцамі, спевамі ды жартамі.
Так і аўтары работ, якія прадстаўлены на нашай выстаўцы вышыўкай пачалі займацца з ранняга дзяцінства. Першаму шыўку іх навучылі матулі і бабулі. І з гэтага часу побач з кожнай заўсёды была нітка і іголка. Але былі такія перыяды, калі на любімы занятак не хапала часу. І вось цяпер, калі з'явіўся вольны час, майстрыхі цалкам аддаліся гэтаму чароўнаму майстэрству.
Своеасаблівую лабараторыю па збіранню і абнаўленню старадаўніх узораў стварыла Апанасік Людміла Мікалаеўна. Кожны яе ручнік – гэта зашыфраваны аповед пра лёс сям'і, прачытаць які можна толькі тады, калі спасцігнеш таямнічую семантыку арнаменту. Вышытыя карціны Казачонак Марыі Паўлаўны адметны мяккім спалучэннем колераў, непаўторнымі матывамі. Лёгкія пераходы колера ў колер у работах Каструк Вольгі Паўлаўны адкрываюць нам непаўторную прыроду Беларусі. А вось Дубоўская Марыя Фёдараўна вышыўкай пачала займацца каля 10 гадоў таму. І гэтае старажытнае рамяство пачала спасцігаць на курсах, па часопісам. Яна самастойна падбірае колеры, састаўляе малюнак, дабаўляе свае змяненні ў стандартныя ўзоры. Нядаўна пачала захапляцца вышыўкай ікон. Работы вышывальшчыц уражваюць не толькі яркімі колерамі, але і сваёй жывой сілай. Гледзячы на іх, разумееш, што ў кожную ўкладзена яшчэ і часцінка душы. Карціны не проста прыгожыя. Яны валодаюць нейкай чароўнай сілай. Здаецца бачыш кветкі і больш нічога, а калі крыху пастаіш, лепш прыгледзішся, то ў нейкі момант здаецца, што вось-вось падзьме лёгкі ветрык і закалышуцца іх пялёсткі. Адразу ўспамінаецца цёплае лета, адпачынак на возеры.
22 снежня, а 15-й гадзіне, у музеі традыцыйнага ткацтва Паазер'я адбудзецца творчая сустрэча з удзельніцамі выстўкі.
Ветліва запрашаем! Уваход вольны.

1966