Выстаўка латвійскіх і замежных майстроў фотамастацтва праходзіць у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлены два праекты пад назвай “Час” і
«... дзе Балтыйскае мора і людзі сустракаюцца...»
У 1987 і 2007 гадах адбыліся дзве ўнікальныя фотаакцыі ў гісторыі Латвіі, у выніку якіх праз аб'ектыў фотаапарата ўдалося зафіксаваць «смак» унікальнага і своеасаблівага жыцця кожнага часу, зафіксаваць пачуцці, успрыманне свету, рытм жыцця дзвюх эпох, якія адрозніваюцца адна ад адной.
Акцыя «Адзін дзень у Латвіі» пачалася 28 жніўня 1987 года, калі 70 прафесійных фатографаў з Савецкага Саюза, Фінляндыі і Федэратыўнай Рэспублікі Германіі 24 гадзіны фатаграфавалі тагачасную савецкую Латвію. Яны рабілі фотаздымкі на заводах, у партыйных камітэтах, калгасах, бібліятэках, кафэ, на могілках, у бальніцах, у лазнях, у дамах і на вуліцах. Гэта падзея была і застаецца ўнікальнай не толькі ў жыцці Латвіі, але і ў сусветнай культуры.
31 жніўня 2007 года зноў была арганізавана падобная фотаакцыя «Адзін дзень у Латвіі праз 20 гадоў». У ёй прынялі ўдзел 54 прафесійных фатографы (у тым ліку з 24 замежных краін), 150 спецыяльна запрошаных фатографаў і больш за 6 000 фотааматараў з Латвіі і іншых краін, што дало магчымасць у межах выстаўкі паказаць Латвію вачыма шведскіх, рускіх, японскіх, венгерскіх і іншых прафесіяналаў і аматараў.
З фотаздымкаў, зробленых ў працэсе гэтых дзвюх акцый, была сфарміравана выстаўка «Час», якая з дапамогай фотамастацтва здолела паказаць тыя змены, што адбыліся ў грамадстве на працягу 20 гадоў не толькі ў Латвіі, але і ў кантэксце ўсёй Заходняй Еўропы, а таксама прадставіць Латвію як краіну, якая арыентуецца на росквіт і развіццё, не страчваючы сваёй ідэнтычнасці.

Выстаўка «... дзе Балтыйскае мора і людзі сустракаюцца...»
падрыхтаваная ў 2007-2008 гадах у межах праекта «Балтыйскасць» падчас прэзідэндатуры Латвіі ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора, створана для адлюстравання жыцця рэгіёна, у цэнтры якога знаходзяцца яго галоўныя каштоўнасці – Балтыйскае мора, людзі і разнастайнасць іх культур.
Рэгіён Балтыйскага мора – гэта дом для 11 нацый і больш за 50 мільёнаў жыхароў. З даўніх часоў Балтыйскае мора садзейнічала цеснай інтэграцыі жыхароў, народаў і краін рэгіёна. Праект «Балтыйскасць» падкрэслівае сімвалічнае значэнне элемента, які аб'ядноўвае рэгіён - Балтыйскае мора.
Мэта выставы – падкрэсліць унікальнасць рэгіёна Балтыйскага мора ў Еўропе і свеце, акцэнтаваць увагу на нашых агульных каштоўнасцях – канкурэнтаздольнасці, творчым пачатку, смеласці, дынамічнасці, адкрытасці, прафесіяналізме, стабільнасці, гонары і павазе да прыроды.

1896