Выстаўка “Паміж небам і зямлёй” (народны іканапіс у традыцыйнай культуры Гомельшчыны)

Выстаўка “Паміж небам і зямлёй” (народны іканапіс у традыцыйнай культуры Гомельшчыны)

У рамках акцыі “Гомель – культурная сталіца Беларусі 2011”

17.02. – 20.03.2011
17.00

17 лютага 2011 г. а 17-й гадзіне Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Гомельскім палацава-паркавым ансамблем запрашаюць на адкрыццё выстаўкі “Паміж небам і зямлёй” (народны іканапіс у традыцыйнай культуры Гомельшчыны) на якой увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены экспанаты са збору гомельскага музея. Дадзены выставачны праект – адно з першых мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі”. У 2010 г. афіцыйны статус першай культурнай сталіцы атрымаў Полацк за велізарны ўклад у развіццё беларускай культуры і захаванне гістарычнай спадчыны. Эстафету 2011 г. прыняў Гомель.
Гомельскі палацава-паркавы ансамбль – адна са старэйшых музейных устаноў Рэспублікі Беларусь. Першыя экспазіцыі былі адчынены 7 лістапада 1919 г. на аснове калекцый, якія належалі да 1917 г. уладальнікам гомельскага палаца князям Паскевічам. У цяперашні час у фондах музея захоўваецца каля 230 тыс. прадметаў. Адной з калекцый, якая яскрава характарызуе духоўную культуру Гомельшчыны, з`яўляецца народны іканапіс. Народная ікона, альбо так званы “народны наіў”, у адрозненне ад кананічнай іконы, выконваецца алейнымі фарбамі па дошцы, без папярэдняй грунтоўкі і прамалёвак. Улюбёным прыёмам дэкарыравання становяцца букеты, раслінны арнамент.
Лаканічнасць і непасрэднасць выканання абразоў адпавядалі ўяўленням чалавека аб найвышэйшых сілах. Абстрактныя вобразы Маці Боскай, Ісуса Хрыста, святых у народных уяўленнях надзяляліся чалавечымі пачуццямі і эмоцыямі, атрымлівалі падабенства з канкрэтнымі асобамі. Сяляне, як правіла, мала лічыліся з афіцыйнымі біяграфіямі пакутнікаў, герояў, праведнікаў і стваралі свае паданні, характарыстыкі, вобразы. Малітвы і богаслужэнні ў гонар святых спалучаліся з абрадамі, рытуаламі, песнямі, прыкметамі, гаданнямі і замовамі, якія мелі глубокія гістарычныя карані.
Выстаўка ўключае больш за 70 абразоў, якія бытавалі на тэрыторыі Гомельскай і сумежных Бранскай і Чарнігаўскай абласцей. Ручнікі, народны касцюм, прадметы побыту ствараюць той свет, у якім жыла народная ікона – частка народнага светапогляду. Выстаўка народных ікон неаднаразова экспанавалася ў выставачных залах гомельскага музея, іншых гарадоў Беларусі, за межамі рэспублікі. У 2009 г. яна з поспехам экспанавалася ў Маскве

1895