Вандроўка ў мінулае

Наведванне музея – гэта заўсёды свята, якое прыцягвае гледача магчымасцю здзейсніць цудоўную вандроўку ў мінулае, спасцігнуць таямніцы роднага краю. Аднак нават у сённяшнім грамадстве, з яго сацыялна скіраванай палітыкай і ідэямі нацыянальна-духоўнага адраджэння, не кожны мае магчымасць далучыцца да прыгажосці традыцыйнай культуры. Найперш гэта датычыцца дзетак з сацыльных прытулкаў і інтэрнатаў.
Таму дзеля таго, каб далучыць сацыяльна неабароненых дзяцей з небяспечных і няпоўных сем’яў да грамадства праз вывучэнне нацыянальнай культуры, сфарміраваць у іх пасродкам мадэляў традыцыйнага выхавання пачуцця дабрыні, грамадзянскасці і патрыятызму, супрацоўнікамі Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я быў распрацаваны цыкл заняткаў “Вяртанне да каранёў”.
У аснову прагарамы пакладзены тэматычныя заняткі:
• “Казка блакітнага лёну”
• “Беларускі ручнік”
• “Беларускае народнае адзенне”
• “Беларуская выцінанка”
Падчас заняткаў дзеці даведваліся аб сакрэтах вясковых майстраў, знаёміліся не толькі з традыцыйнымі тэхналогіямі ільняной вытворчасці, але і з багатым міфалагічным пластам народнай культуры, прымхамі і прыкметамі, якія з’яўляліся неад’емнай складаючай працэса рамяства ў нашых продкаў.
Аднак заняткі ў Музеі ткацтва – гэта не толькі назапашванне ведаў, але і магчымасць самому трапіць у беларускі асяродак, больш таго – ствараць такі асяродак уласна, сваімі рукамі. Дакрануўшыся да сапраўднага скарба дзеці ніколі не будуць паводзіць сябе асацыяльна.
І яшчэ адной неад’емнай часткай выхаваўчага комплексу “Вяртанне да каранёў” з’яўляецца правядзенне фальклорных мерапрыемстваў, якія адпавядаюць асноўным каляндарным святам беларусаў. Падчас фальклорных святаў аўдыторыя становіцца не проста гледачамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі, творцамі ўдалага годавага кола.
Музей ткацтва запрашае ўсіх далучыцца да добрай справы і ўзяць удзел у фальклорным свяце “Гуканне вясны”, якое адбудзецца 2 красавіка. Вас чакае непаўторны каларыт беларускай песні, гульні і частаванне гарбатай.
Заклічам вясну разам!

1673