Агу, ВЯСНА!!!

Гуканне вясны – гэта, напэўна, адно з найпрыгажэйшых абрадаў годавага кола.
Беларусы пачыналі гукаць вясну з 14 сакавіка і да самага Благавешчання.
Дзяўчаты абіраюць самы высокі пагорак, адкуль неўзабаве пальюцца задорныя песні-вяснянкі, хлопцы ладзяць арэлі, на якіх пасля будзе весела гушкацца пярэстая дзявоцкая грамада. Дзеці радасна ўздымаюць у паветра печаных жаўрукоў – птушак, якія на сваіх крылах павінны прынесці цяпло і веснавое сонейка. Сапраўднае агульнае свята.
І наш Музей вырашыў падарыць такое свята тым, хто сапраўды прагне дабрыні і сонечнай пяшчоты – дзецям з Полацкага сацыяльнага прытулку. Акрамя іх, на Гуканне запрашаліся ўсе, хто жадае дакрануцца да чысціні беларускай культуры.
Гасцей свята чакаў расповед пра вытокі ўрачыстай традыцыі «зазывання» вясны – а яно, гуканне, не будзе сапраўдным, калі не падымуцца ў паветра пад звонкае дзявоцкае «гу, вясна…» рознакаляровыя птушыныя крылы. Таму папяровага жаўрука дзеткі майстравалі ўласнымі рукамі – і ў кожнага ён атрымаўся непаўторна яркім. Пасля ўсе дружна высыпалі на панадворак, дзе і адбылося ўрачыстае дзеянне – хлопчыкі і дзячынкі з ахвотай дапамагалі спеўнаму гурту «Яваровы людзі» набліжаць надыход вясны. Святочныя гульні, ігрышча – яшчэ адна адметнасць гэтага абраду. Удзельнікі з задавальненнем ладзілі карагоды, і сталыя, і самыя маленькія гулялі і ў «Казла», і ў «Садочак», а таксама «Шуляка» і «Явар» - гульні, якімі бавіліся яшчэ нашыя прабабулі. Напрыканцы ўсіх чакаў яркі румянец на шчоках і смачная гарбата з духмяным печывам – пачастунак для тых, хто з годнасцю выканаў самую адказную місію – наблізіў вясну, а разам з ёй прыўнёс у свае сэрцы добразычлівасць і пяшчоту.
Агу, вясна!

1621