Святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня музеяў: "Святло у вакне"

14 мая 2011 года з 1400 да 2400 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца святочнае мерапрыемства “Святло ў вакне”, прымеркаванае да Міжнароднага дня музеяў.

Программа мероприятия находится здесь - http://kolas.museum.by/node/21785

Першымі музей прыме ўдзельнікаў заключнага канцэрта ІІ фестывалю юных талентаў “Сымонкавы нашчадкі”, які збярэ выхаванцаў музычных школ г. Мінска. Свята стала магчымым дзякуючы ініцыятыве Дабрачыннага савета пры музеі Якуба Коласа.

Працягам свята стане патрыятычная акцыя “Званы Вялікай Перамогі”, прысвечаная 70-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у ходзе якой адбудзецца прэзентацыя зборніка “Защитники родной страны” выдавецтва “Энцыклапедыкс”.

У рамках “Ночы музеяў – 2011” пройдзе адкрыццё выстаўкі з уласных фондаў музея “Наш Мінск старадаўны, прыгожы, магутны і слаўны”, прымеркаванай да 90-годдзя прыезду Якуба Коласа на пастаяннае жыхарства ў г. Мінск. Увагу наведвальнікаў, безумоўна, прыцягне выстаўка нумізматычнай калекцыі слыннага калекцыянера з радзімы Якуба Коласа, старшыні Дабрачыннага савета пры музеі Якуба Коласа А. В. Грэкава.

У 2011 годзе ў музеі стартаваў праект “Мы родам з СССР”, які прысвечаны яркім прадстаўнікам краін постсавецкай прасторы. Пры непасрэднай падтрымцы адпаведных таварыстваў дружбы і культурных сувязей у музеі праходзяць літаратурна-этнаграфічныя вечары, мэта якіх – прапаганда нацыянальнай культурнай спадчыны краін з былых рэспублік Савецкага Саюза праз паэтычнае слова і музыку, народныя традыцыі, жывы міжкультурны абмен. На “Ночы музеяў – 2011” у Доме Коласа ў рамках ўзгаданага праекта пройдзе канцэртная праграма “Сяброўства вузы кроўныя”: прэзентацыя Мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан” і Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Татара-башкірская культурная спадчына “Чышма”. Падчас мерапрыемства адбудуцца выступленні фальклорнага армянскага ансамбля “Эрэбуні” (мастацкі кіраўнік Рузана Аванесян) і фальклорнага татара-башкірскага ансамбля “Лейсан” (мастацкі кіраўнік Гульсіна Аброськіна), а таксама пройдзе прэзентацыя нацыянальных вырабаў, сувеніраў, страў нацыянальнай кухні.

На працягу ўсіх абазначаных мерапрыемстваў будзе праходзіць мастацкі пленэр з удзелам студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, а таксама будзе праводзіцца бяспройгрышная латарэя, набыўшы білет якой наведвальнікі змогуць не толькі пакінуць сабе памятную згадку пра музей паэта, але і спрычыніцца да збору сродкаў на ўсталяванне скульптурнай кампазіцыі “Якуб Колас. Роздум” на мемарыяльнай сядзібе музея.

Сапраўднай аздобай вечара стане дабрачынны канцэрт “Шэдэўры еўрапейскага барока” ансамбля “Камерныя салісты Мінска” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава, таленавітага арганіста, клавесініста, дырыжора з Пецярбурга, які добра вядомы мінскай публіцы па працы з Дзяржаўным Камерным аркестрам, ансамблем “Класік-авангард” і ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У праграму канцэрта музыкі ўключылі творы кампазітараў XVII–XVIII стст. – такіх як Г. Ф. Тэлеман, І. Г. Гольдберг, А. Скарлаці, Г. Ф. Гендэль і інш. Усе сродкі ад канцэрта будуць накіраваны на стварэнне скульптурнай кампазіцыі “Якуб Колас. Роздум” для ўстаноўкі на мемарыяльнай сядзібе музея.
Заключным акордам ночы стане адкрыццё рэтра-танцпляцоўкі ў стылі 1950-х гадоў “Ноч стыляг” з удзелам гурта “Crazy Steaks” і Аляксея Чыканаса.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02
Афіцыйны сайт музея: www.yakubkolas.by

1400