Ноч музеяў у Полацку

14 мая 2011 года Полацк ужо ў трэці раз падтрымаў міжнародную акцыю «Ноч музеяў».

Нягледзячы на дажджлівае надвор'е большасць мерапрыемстваў адбылося. Першым сустрэў наведвальнікаў Музей традыцыйнага ткацтва Паазер'я. Прэзентацыя сучасных касцюмаў у этнастылі была прадстаўлена тэатрам моды «Надзвіна». А яскравыя народныя танцы пад дуду і спевы фальклорнага гурта «Варган» сталі прыгожым дапаўненнем да экспазіцыі музея і выстаўкі «Народны касцюм Заходняй Віцебшчыны». Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад кампаніі «Арыфлэйм», якая пазнаёміла наведвальнікаў са сваёй новай прадукцыяй.

У Прыродна экалагічным музеі песні ваенных гадоў былі выкананы гарадскім хорам ветэранаў. «Музычныя замалёўкі» навучэнцаў Полацкай школы мастацтваў гучалі ў Мастацкай галерэі.

Цікавая выстаўка галаўных убораў і шэўронаў адкрылася ў Дзіцячым музеі. Каменціравалі яе самі калекцыянеры і навучэнцы СШ № 2. А тых, хто прыйшоў у музей першымі, частавалі марожаным і сыркамі Полацкага малочнага камбіната.

Артысты народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» ажывілі экспазіцыю Музея беларускага кнігадрукавання гістарычнымі мініяцюрамі. У залах гучала старадаўняя музыка і вершы Сімяона Полацкага,сам Францыск Скарына чытаў сваю прадмову да кнігі «Юдзіф». А таксама ўсе жадаючыя маглі навучыцца сярэднявечным танцам.

Аб гераічным мінулым нашага горада расказваў ў гэты вечар Краязнаўчы музей. Дапамагалі навуковым супрацоўнікам экскурсаводы гарадскіх школ. Усім запомніўся расповед кадэта, песня жонкі жаўнера і творчая справаздача ўдзельніка пошукавага атрада.
Завяршылася «Ноч музеяў» у Сафійскім саборы падвядзеннем акцыі «Упішы сябе ў гісторыю Полацка» і святочным канцэртам арганнай музыкі.

1388