Музей беларускага кнігадрукавання прымае ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім з выстаўкай «Полацк у кніжнай культуры Беларусі».

Полацк – адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян, самая першая наша сталіца. Ён заўсёды быў важным цэнтрам духоўнай і матэрыяльнай культуры – дойлідства, іканапісу, прыкладнога мастацтва і, вядома ж, кніжнасці. Тут перапісвала кнігі Еўфрасіння Полацкая, якая стала святой апякункай Беларусі. Полацк – гэта радзіма першага беларускага і ўсходнеславянскага друкара Францыска Скарыны, да 500-годдзя з дня нараджэння якога тут быў адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання. У Полацку таксама нарадзіўся і пачынаў сваю літаратурную дзейнасць выдатны беларускі і рускі паэт, драматург, педагог Сімяон Полацкі.

З 1787 г. пачынае сваю дзейнасць друкарня пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Праіснавала яна да 1820 г. (да выгнання езуітаў), а затым была перададзена ордэну піяраў (працавала да 1830 г.). Пры калегіуме ў 1818-1820 гг. выходзіў першы на Беларусі часопіс – «Месячнік Полацкі».

Значную каштоўнасць уяўляюць выданні ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў, у т.л. "Путеводитель по городу Полоцку" (1910), выдадзены ў полацкай друкарні Клячко, а таксама ўнікальныя паштоўкі з відамі г. Полацка пачатку ХХ стагоддзя.

У пачатку ХХІ стагоддзя традыцыі кнігавыдання працягваюцца і развіваюцца.

Выстава прызначана паказаць усе названыя этапы нашай кніжнай гісторыі. Полацкая рукапісная кніга прадстаўлена «Полацкім Евангеллем» ХІV ст. і спіскам «Жыція Еўфрасінні Полацкай» ХVІ ст. Дзейнасць Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага – выданнямі Ф. Скарыны і фігурнымі вершамі Сімяона Полацкага. Полацкая езуіцкая друкарня – часопісам «MIESIĘCZNIK POŁOCKI» і піярскім выданнем «MISSALЕ ROMANUM» (1826). Полацк пачатку ХХ ст. прадстаўляе «Путеводитель по городу Полоцку» (1910), выпушчаны да перанясення мошчаў Еўфрасінні Полацкай з Кіева і набор паштовак «Полацк на старых паштоўках». Цікавасць уяўляюць і серыя выданняў «Наследие Полоцкой земли» і сучасныя выданні, якія былі выдадзены да 1150-годдзя Полацка.

924