Дзень ведаў у Музеі

У гэтым годзе 1 верасня – Дзень ведаў, пачатак новага навучальнага года – супаў з пачаткам святкавання Дня беларускага пісьменства і друку. Музей беларускага кнігадрукавання не першы год прымае ўдзел у свяце. Ды і само свята вырасла са Скарынаўскіх святаў кнігі, што праводзіліся традыцыйна ў Полацку на пачатку верасня. А з 1994 г. свята набыло статус рэспубліканскага і пачало падарожжа па розных гарадах Беларусі. Двойчы (у 1994 і 2003 гг.) яго прымаў Полацк.

Да таго ж, 2012 год быў абвешчаны Годам Кнігі ў Рэспубліцы Беларусь, таму невыпадкова навучэнцы полацкіх і наваполацкіх школ, гімназій, ліцэяў вырашылі правесці традыцыйны для 1 верасня ўрок па тэме «Я – грамадзянін Беларусі» менавіта ў Музеі беларускага кнігадрукавання.

Полацк – не толькі адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян, самая першая наша сталіца. Ён заўсёды быў важным цэнтрам духоўнай і матэрыяльнай культуры – дойлідства, іканапісу, прыкладнога мастацтва і, вядома ж, кніжнасці. Тут перапісвала кнігі Еўфрасіння Полацкая, якая стала святой апякункай Беларусі. Тут нарадзіўся Францыск Скарына. У Полацку таксама нарадзіўся і пачынаў сваю літаратурную дзейнасць выдатны беларускі і рускі паэт, драматург, педагог Сімяон Полацкі. Падчас традыцыйных і тэматычных экскурсій супрацоўнікі музея знаёмілі школьнікаў з багатай кніжнай спадчынай Беларусі.

845