9 кастрычніка пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак Сяргей Аляксандравіч Цімохаў

9 кастрычніка пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак Сяргей Аляксандравіч Цімохаў.

Сяргей Аляксандравіч Цімохаў нарадзіўся ў 1960 г. у вёсцы Кротаў Гомельскай вобласці. У 1979г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1984 – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

З 1986 па 1998 гг жыў у Полацку. Працаваў галоўным мастаком горада, быў дырэктарам першай у Полацку прыватнай мастацкай галерэі «Рыса». З 1999 г. жыў і працаваў у Мінску, з 2007 г. быў намеснікам старшыні Беларускага саюза мастакоў.

Сяргей Аляксандравіч з'яўляўся Членам Беларускага саюза мастакоў, лаўрэатам 2-га міжнароднага Шагалаўскага пленэра (1997), удастоены Гран-пры 7-га міжнароднага біенале ілюстрацыі «Золотое перо Белграда » (2003).

Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (Мінск), Музеі сучаснага мастацтва Беларусі (Мінск), Мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расіі (Масква), Музеі М. Шагала (Віцебск), Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, мастацкай галерэі Г. Х. Вашчанка (г. Гомель), галерэі «Galeria sztuki Katarzyny Napiorkowskej» (Варшава), галерэі «Walentowski Galerien» (Дрэздэн), у многіх прыватных калекцыях.

Сяргей Аляксандравіч Цімохаў сваім талентам унёс значны уклад у сучаснае мастацтва Беларусі.

Калектыў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім, усім, хто ведаў Сяргея Цімохава, любіў і цаніў яго творчасць.

903