Нацыянальны Полацкі музей-запаведнік прыняў удзел у першым Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі»

У рамках Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2011-2015 гады ў горадзе Гродна 12-14 кастрычніка 2012 года прайшоў першы Нацыянальны форум «Музеі Беларусі». Форум арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь з мэтай падтрымкі музейнай справы ў рэспубліцы, стымулявання творчых ініцыятыў і заахвочвання музейных работнікаў, якія ўнеслі ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю культурных каштоўнасцей.

У рамках форуму праводзіліся: прэзентацыя экспазіцыі форуму, конкурс «Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю», навукова-практычныя семінары, круглыя сталы і іншыя мерапрыемствы, на якія падзяліцца вопытам і пазнаёміцца з музейнай справай і гісторыка-культурным здабыткам Беларусі прыехалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і вядучых музеяў з Расіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Іспаніі, Ізраіля, Славакіі, Германіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Арменіі, Казахстана і Малдовы. У рабоце форуму прынялі ўдзел больш за 150 музеяў краіны, а таксама музеі Літвы і Расійскай Федэрацыі, фірмы-вытворцы музейнага абсталявання, турыстычныя арганізацыі.

У павільёне Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка былі прадстаўлены матэрыялы, якія маглі расказаць аб дзейнасці 11 музеяў, што ўваходзяць у склад запаведніка; увазе шматлікіх наведвальнікаў быў прапанаваны шырокі асартымент навуковай і навукова-папулярнай літаратуры пра Полацк і багатыя калекцыі полацкіх музеяў. Таксама госці павільёна маглі стаць удзельнікамі бяспройгрышнай латарэі, галоўным прызам якой сталі 10 Адзіных музейных білетаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, кожны з якіх дае права на 11 бясплатных наведванняў музеяў запаведніка. Не сумавалі і самыя юныя нашы госці. І малышы, і студэнты з задавальненнем удзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні «Збяры самавар», створанай навуковымі супрацоўнікамі запаведніка для музейна-педагагічных заняткаў. Найбольш актыўныя госці полацкага павільёна атрымалі спецыяльныя памятныя граматы з рук «самога Францыска Скарыны».

У рамках конкурсу "Музеі Беларусі - трэцяму тысячагоддзю" Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік прымаў удзел у наступных намінацыях: "Лепшае музейнае выданне", "Лепшая партнёрская дзейнасць", “Лепшая публікацыя аб музейных прадметах”, «Лепшы музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці», «Лепшы міжнародны выставачны праект», “Лепшы рэгіянальны музей”.

Па выніках конкурсу Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік стаў пераможцам у спецыяльнай намінацыі «Лепшы рэгіянальны музей»!

913