Круглы стол "Падзеям Айчыннай вайны 1812 года прысвячаецца"

18-20 кастрычніка 2012 года споўнілася роўна 200 год вызваленню Полацка ад французскай арміі Напалеона. Трохдзённая бітва скончылася перамогай рускай арміі. Шматлікія людскія страты, разбурэнне гарадскіх пабудоў, знішчэнне навакольных вёсак на доўгі час зрабілі Полацкі край жудасным месцам.

Пра гераічныя подзвігі салдат і апалчэнцаў, самаадданасць мясцовых жыхароў і ўвекавечанне памяці аб полацкіх бітвах 1812 года ішла гаворка на сустрэчы палачан з мінскімі школьнікамі, якая адбылася 20 кастрычніка ў Краязнаўчым музеі. У невялікай зале сабралася моладзь, якая цікавіцца гістарычным мінулым нашай бацькаўшчыны. Вучні гімназіі №6 г.Мінска пад кіраўніцтвам апантанага настаўніка Мікалая Мікалаевіча Грачова падрыхтавалі выступленні і з дапамогай самаробнай карты і папяровых вайскоўцаў разыгралі полацкія бітвы.

З боку гаспадароў у круглым стале прынялі ўдзел навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа. Члены гуртка "Мясцовае кола", якім кіруе Кацярына Леанідаўна Захарава, падрыхтавалі навуковую працу "Помнікі і памятныя мясціны Полацка" і прэзентавалі яе мінчанам і гасцям сустрэчы. Выклікала цікавасць з боку прысутных і выступленне вучаніцы полацкай гімназіі №1 Ульяны Бабко, якая падзялілася сваімі ўражаннямі аб сумесным міжнародным праекце, прысвечаным падзеям 200-гадовай даўніны.

Напрыканцы сустрэчы ўсіх удзельнікаў круглага стала запрасілі наведаць выставу "Каникулы в историю: 1812 год", арганізаваную ў Дзіцячым музеі сумесна з Ульянай.

758