А мы сеялі, сеялі лянок, белы, слаўны кужалёк!

Вось і скончылася восень. З дрэў апала апошняе лісце. А наперадзе – зіма. Набліжаецца Піліпаўка – шасцітыднёвы перадкалядны пост, які пачынаецца 28 лістапада і доўжыцца да 6 студзеня. У гэты час доўгімі зімовымі вечарамі мужчыны займаліся рамяством, а жанчыны пралі кудзелю, на вячорках спявалі песні. Таму нездарма менавіта ў лістападзе ў Музеі ткацтва праводзіліся музейна-педагагічныя заняткі «Казка блакітнага лёну» для дзяцей з дзіцячых садкоў горада Полацка.

Падчас правядзення музейна-педагагічных заняткаў хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра цікавую і незвычайную валакністую расліну – лён. Разам з навуковымі супрацоўнікамі музея дзеці апынуліся ў казцы і разгадалі таямніцу вырошчвання і апрацоўкі гэтай чароўнай расліны, з'яўленне льняной нітачкі - такой звычайнай для сучаснага чалавека рэчы. Кожны маленькі наведвальнік самастойна паспрабаваў атрымаць валакно з ільняной сцябліны. Такая праца дазволіла дзецям на ўласным прыкладзе адчуць усе цяжкасці і складанасці апрацоўкі лёну.

Для замацавання атрыманых ведаў супрацоўнікі музея прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам пагуляць у беларускую народную гульню «Лянок», якая праз дзеянні і спевы нагадала пра «жыццё» лёну.

849