Першая сустрэча Клуба выхаднога дня

У мінулую нядзелю 11 жніўня распачаў працу Клуб выхаднога дня. Першая сустрэча была музычнай. Нягледзячы на дажджлівае надвор'е, музей у гэты дзень не быў пусты. Да нас завіталі і бацькі з дзецьмі, і бабулі з унукамі. Не абмінуў нашага музея і таленавіты дудар з Мінску Ігар Расолька, які ігрой на дудзе, жалейцы, акарыне стварыў для ўсіх прысутных неверагодную атмасферу. Асабліва запамінальным для ўдзельнікаў клуба стала магчымасць наведаць выстаўку «Інструмент народны, і вясёлы, і журботны...» і пайграць на сапраўдных бразготках, кляшчотках, капытцах, лыжках, званочках. Музычныя інструменты з багатай гісторыяй у руках наведвальнікаў атрымалі новае жыццё. Інтэрактыўная гульня «Аркестр» нікога не пакінула абыякавым, бо сапраўды выклікала цікавасць як у дарослых, так і ў дзяцей. Азнаёміўшыся з правіламі гульні і ўсвядоміўшы сваю ролю, кожны прыступіў да выканання задання. Вынікам стала стварэнне «музыкамі-майстрамі» незвычайных музычных інструментаў з падручных матэрыялаў. Вельмі парадаваў творчы падыход кожнага ўдзельніка ў ажыццяўленні агульнай справы.

Запрашаем на наступную сустрэчу, якая адбудзецца 18 жніўня а 11-й гадзіне.

794