Нашы юбіляры. Васіль Шырко, пісьменнік Уздзеншчыны, рэдактар часопіса "Белая Вежа"

РОССЫП СКАРБАЎ АДМЫСЛОВЫХ

Менавіта так уяўляецца мне жыццё і творчасць нашага слыннага земляка, пісьменніка, журналіста, проста добрага, шчырага, сумленнага чалавека Васіля Шырко.

І скарбы гэтыя ён з маленства ўвабраў у сябе са шчодрага на шматлікія дзівосы Уздзенскага краю, які стаў для Васіля Аляксандравіча маленькай радзімай, дзе пракацілася зычным рэхам дзяцінства, адгаманіла гучным смехам юнацтва і настойліва пастукалася ў дзверы патрабавальная сталасць.

Бацькі будучага пісьменніка сустрэлі яго ў гэтым свеце ў самае жніво 31 жніўня 1948 года ў адной з самых каларытных вёсачак Уздзеншчыны Чурылава.

І не проста сустрэлі, а як мае быць падрыхтаваліся да гэтай значнай падзеі як у сваім жыцці, так і ў лёсе сына. Бацька Аляксандр Аляксандравіч меў выключную памяць і напоўніцу скарыстаў яе, каб узбагаціць свае веды жыццёва важнай інфармацыяй. Ён на памяць ведаў каля дваццаці паэм на беларускай, украінскай, рускай мовах і больш двухсот вершаў.

Неаднойчы выступаў на Беларускім тэлебачанні. Менавіта ён прывіў сыну цікавасць да казак, дасціпных жартаў, любоў да паэзіі. А працаваў бацька ў родным саўгасе брыгадзірам будаўнічай брыгады. Працавіты, усебакова развіты, ініцыятыўны, ён быў выключным прыкладам не толькі для сына.

Маці, Ніна Васільеўна, у дзявоцтве Шыдлоўская, таксама не ўступала мужу ў наяўнасці здольнасцяў: яна добра спявала, а ў маладосці нават іграла на балалайцы.

Усе таленты бацькоў, аднавяскоўцаў, шчодрую прыгажосць прынямонскага краю ўвабраў у сябе працавіты няўрымслівы юнак і стаў гонарам роднай старонкі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, уладальнік "Залатога пяра Саюза журналістаў”…

Толькі гэтых узнагарод было б дастаткова, каб зразумець, што Васіль Шырко – заўзяты працаўнік, таленавіты ў розных сферах творчага жыцця.

Зямлі маёй уздзенскай даннік,

Які ўжо год не напаказ

У век трывожны святаяннік

Збіраю, людзі, я для вас.

Так пісаў ён напачатку свайго творчага шляху. А пачаўся ён менавіта з паэзіі.

Першыя вершы былі надрукаваны ў газеце "Чырвоная змена” і "Маладосць”. Стала, прафесійна займацца літаратурнаю творчасцю Васіль Шырко пачаў, калі прыйшоў у 1978 годзе працаваць у рэдакцыю літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання.

"Так здарылася, - пісаў Васіль Аляксандравіч, - што я аддаў беларускаму тэлебачанню дзесяць гадоў свайго жыцця. І, бадай, самых лепшых гадоў. Маладых. Светлых. Чыстых. Было жаданне ствараць, шукаць, радаваць людзей. І добра пісалася і цікава жылося. Ці не таму і сёння да мяне ў снах так часта прыходзяць людзі, з якімі калісьці звёў лёс: рэжысёры, акцёры, пісьменнікі, мастакі, героі шматлікіх тэленарысаў: народныя ўмельцы, трактарысты, старшыні калгасаў, людзі, што жылі ў згодзе з прыродай і Богам, любілі зямлю і роднае слова.”

Потым была праца ў часопісе "Полымя”. У 1986 годзе стаў загадчыкам аддзела нарыса. Выйшлі з друку і першыя кніжкі "Зямлі бацькоўскай прыцягненне”, "Сцяжына да людзей”, якія адразу ж займелі сваіх сталых прыхільнікаў, былі ўхваленыя прыдзірлівай крытыкай. А потым былі кнігі ”Дарагія мае землякі”, "”Зелле ад скрухі”, "Воўчыя грыбы”, "Хай людзі бачаць”, "Вунь чурылавец пайшоў”, "Дзед Манюкін і ўнукі”.

У сааўтарстве былі выдадзены кнігі "Беларусь маладая”, "Новая Беларусь”, "Трипутник на асфальте”, "Звёздная россыпь” і інш.

Наш зямляк стаў аўтарам шматлікіх сцэнарыяў дакументальных фільмаў, эсэ, нарысаў.

За сваю творчую працу Васіль Аляксандравіч узнагароджаны ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, граматай Савета Міністраў РБ, Адміністрацыі Прэзідэнта РБ, яго трапнае слова адзначана падзякамі і граматамі многіх раённых выканаўчых камітэтаў Беларусі.

Але сам творца больш даражыць пахвалою землякоў, простых дзядуль і бабуль, па-ранейшаму прыслухоўваецца да іх парадаў:

Не спяшай быць на пагосце,

Хоць усе мы, пэўна ж, госці

На зямлі, ля роднай хаткі.

Не спяшай збіраць манаткі.

Напішы раманы, казкі…

(Размова з бабуляй Мар’янай)

І сёння свой 65-гадовы юбілей Васіль Аляксандравіч сустракае на пасадзе галоўнага рэдактара літаратурна-мастацкага часопіса Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы "Белая вежа”.

Па-ранейшаму шмат працуе. Яму тэлефануюць, пішуць з усіх канцоў свету. Свае творы па Інтэрнэту дасылаюць у часопіс пісьменнікі не толькі нашай краіны, але Расіі, Украіны, іншых рэспублік былога СССР.

І ўжо не Васіль Аляксандравіч рыхтуе тэленарысы пра пісьменнікаў, а пра яго здымаюць дакументальныя фільмы, пішуць рэцэнзіі на яго кнігі, выхоўваюць маладое пакаленне на прыкладзе яго жыцця.

Але сам ён не лічыць сябе забранзавелым класікам – душа рвецца ў новыя высі, новыя далі пазнання, бо ведае, што яны бясконцыя, як бясконцы Сусвет і яго стваральнік Бог. Яшчэ ўсё самае цікавае і ў Васіля Шырко, і ў яго чытачоў наперадзе.

І россып скарбаў адмысловых яго жыцця, яго натхнення парадуе нас сваім аптымістычным зіхценнем. Інакш і быць не можа – ён жа родам з Уздзенскай зямлі. І гэтым усё сказана.

Зоя Калкоўская, старшы навуковы супрацоўнік   Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея    


Сайт пісьменніка Васіля Шырко

Вунь чурылавец пайшоў. Пісьменнік Васіль Шырко (1999)

ТЭЛЕНАРЫС БЕЛАРУСКАГА ТЭЛЕБАЧАННЯ

1041