Нашы юбіляры. Іван Салавей, жывапісец з в. Баравыя Уздзенскага раёна

БАРАВЫЯ ДАЛІ САЛАЎЯ


(Да 95-годдзя з дня нараджэння беларускага жывапісца І.А.Салаўя)

   Назва вёскі Баравыя, як сцвярджаюць дасведчаныя людзі, паходзіць ад слова бор, дзе растуць крамяныя прыгажуны баравікі. Яшчэ і сёння лясы вакол вёскі прывабліваюць сваёй непаўторнай першазданнасцю, бо людзі клапоцяцца, каб пакінуць у спадчыну нашчадкам не пустэльню, дзе немагчыма выжыць чалавеку, а багаты прыроднымі дарамі рай.

Нарадзіўшыся ў сялянскай сям’і (бацька быў старшынёй калгаса, маці – паляводам), ён засвоіў усе прамудрасці вясковага побыту і не захацеў мяняць жыццё сярод вольнай першароднай прыроды на штучныя гарадскія камяніцы, нават атрымаўшы такую мажлівасць. Ён быў перакананы, што сапраўднае жыццё бруіць лясным раўчуком, спявае нястомным салаўём, гамоніць спелаю мудрасцю бору…

Яшчэ ў няўрымслівым дзяцінстве любіў ён гадзінамі блукаць па ваколіцах вёскі і занатоўваць убачанае і адчутае на паперы. Эскізы пасля пераўтвараліся пад таленавітай рукой майстра ў шыкоўныя непаўторныя мастацкія палотны, якім па-добраму пазайздросцяць масцітыя сталічныя мастакі.

       Ды і сам Іван Аляксандравіч атрымаў грунтоўную адукацыю.
Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны паспеў скончыць славутае Віцебскае мастацкае вучылішча. Яго вучылі майстэрству пэндзля такія вядомыя ў Беларусі і за яе межамі таленавітыя педагогі, як Л.М.Лейтман, І.А.Ахрэмчык і Х.Е.Даркевіч.

   Выкарыстаць напоўніцу непаўторны талент і атрыманыя веды перашкодзіла вайна. І хаця ён не трапіў на перадавую, – пасля заканчэння навучальнай установы атрымаў званне афіцэра – служба ва ўнутраных войсках была не толькі не лягчэйшай, а ў нечым і больш небяспечнай і складанай.

      Іван Аляксандравіч не любіў ваенную тэматыку: вядомыя толькі дзве яго работы
гэтага накірунку. Затое запамінаюцца раз і назаўсёды. Нельга не сказаць хоць колькі слоў пра карціну "Я ішоў да цябе чатыры гады”.

На першым плане ля магілы намалявана постаць салдата, які вярнуўся дамоў, а каханай жонкі няма: спалілі яе разам з хатай фашысцкія нелюдзі. А высока ў блакіце нябёсаў прывідная выява жаночага аблічча, поўнага жалю, тугі, суму, але без адчаю і роспачы. Побач цёмная хмара з мужчынскім тварам. Карціна з глыбокім філасофскім сэнсам: душы памерлых з надзеяй назіраюць за тымі, хто застаўся жыць і апошнім неабходна апраўдаць дар жыцця.

  Бадай, самай прываблівай, любімай і таму шматлікай у творчасці мастака можна назваць тэму маленькай Радзімы. Яна так ці інакш  развіта і ў пейзажах ("Ускраінка
вёскі Баравыя”, "Кліч аленя”, "Краявіды Загоршчыны”, "На досвітку”, "Бярозавы вечар” і іншыя), і ў вясковых матывах ("На вадапоі”, "Вывазка ўгнаенняў”, "Па пуцёўцы камсамола”, "Краявіды Загоршчыны”), і ў нацюрмортах.

   Дзве карціны пад адной назвай "Беларускі сняданак”, напрыклад, - літаральна ў кожнага вяскоўца (былога ці сённяшняга) выклікаюць цёплыя ўспаміны далёкага дзяцінства з пульхнымі блінцамі, духмянаю смятанкаю, вытанчаным гладышыкам з сырадоем, свяжуткімі яечкамі з-пад курыцы і кумпячком… А характэрны для таго часу посуд: фарфоравыя кубачкі з пазалочаным аздабленнем, гранёны стакан…- успрымаецца як нешта вельмі важнае і каштоўнае, бо часцінкі мінулага чалавек схільны ідэалізаваць і рамантызаваць. І ўсё гэта з такой любоўнай дакладнасцю вымалявана на палотнах, што ствараецца ілюзія адушаўлення мінуўшчыны, яе пранікнення ў сучаснасць.

Нацюрморт "Грыбы” ўспрымаецца як сімвал вёсачкі Баравыя, бо сярод россыпу дароў лесу баравікі – мацакі кідаюцца ў вочы і ўвачавідкі пераносяць гледача ў прыцягальны восеньскі бор. Увогуле, для ўсіх карцін Івана Салаўя характэрна панаванне дэталі, якая выпінаецца з шэрагу іншых
вобразаў і валодае магіяй прыцягнення і ажыўлення ўяўлення.

      Прычым, для розных людзей дэталі-вобразы могуць быць таксама розныя.  Мастак такім чынам мог дагадзіць людзям з процілеглымі поглядамі і густамі і зусім не дзіўна, што і сёння яго карціны цікавыя людзям.

       У яго роднай вёсцы ёсць цэлая галерэя, дзе сабраны не толькі лепшыя палотны мастака, рэчы, якімі карыстаўся творца, але і грунтоўная інфармацыя пра яго жыццё і творчасць. Можна казаць пра наяўнасць музея мастака. 

Стварыла яго нявестка творцы Людміла Васільеўна Салавей, а працягвае яе справу Ганна Сташэўская. Ідуць у вясковы музей-галерэю людзі, каб дакрануцца душою да таямніцы творчага асэнсавання рэчаіснасці, перанесціся ў магнетычныя баравыя далі Салаўя. Так было і так будзе, бо талент неўміручы і непераможны.

Зоя Калкоўская, старшы навуковы супрацоўнік Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея 

Полустанок. д. Лоша 2005

822