Новае паступленне ў фонды.

Апошнім часам фонд друкаваных выданняў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка папоўніўся калекцыяй кніг-лаўрэатаў LI Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі Беларусі - 2012”.

Унікальныя кнігі і друкаваныя камплекты, узнагароджаныя дыпломамі ў 13 намінацыях, былі перададзены Музею беларускага кнігадрукавання Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Сярод іх чарговае выданне з серыі “Энцыклапедыя рарытэтаў” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” – “Дмитрий Струков. Альбом рисунков. 1864-1867”, якое не толькі атрымала дыплом пераможцы ў намінацыі “Трыумф”, але і Гран-пры конкурсу і Дыплом Францыска Скарыны. Сярод іх і юбілейныя выданні да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча: вершы “Пагоня”, “Раманс”, “Слуцкія ткачыхі” на 10-ці мовах, грунтоўная энцыклапедыя “Максім Багдановіч” (дыплом пераможцы ў намінацыі “Залатыя скрыжалі”); “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча на 4-х мовах з ілюстрацыямі Юрыя Якавенкі, надрукаванае да 80-гадовага юбілею славутага пісьменніка. Акрамя гэтага, у калекцыю ўваходзяць беларускія падручнікі і метадычныя матэрыялы, дзіцячая літаратура, рэлігійныя выданні і прысвечаныя гісторыі Беларусі кнігі, якія вылучаюцца высокім узроўнем паліграфічнага майстэрства і мастацкага выканання.

Збіранне калекцыі кніг-лаўрэатаў конкурсу “Мастацтва кнігі Беларусі” ідзе ўжо не першы год. Выданні з гэтай калекцыі актыўна выкарыстоўваюцца ў экспазіцыі і на выстаўках Музея беларускага кнігадрукавання ды іншых музеяў Полацка.

681