Новыя сустрэчы ў Краязнаўчым музеі

У апошнія сонечныя дні верасня ў Краязнаўчы музей завіталі полацкія чацвёртакласнікі. Навучальны год у "музейнай школе" пачаўся з музейна-педагагічнага занятка "Князёўна з трыма імёнамі", які ўваходзіць у цыкл "Мой старажытны горад" і прысвечаны знакамітай полацкай князёўне Рагнедзе і яе сыну Ізяславу.

Дзеці даведаліся пра першага летапіснага полацкага князя Рагвалода і ягоную дачку Рагнеду, пра знакамітае "крывавае вяселле" і пра князя-асветніка Ізяслава. З дапамогай магічнай стужкі часу вучні змаглі зазірнуць у глыб гісторыі і ўявіць тое далёкае Х стагоддзе, калі адбыліся ўсе згаданыя падзеі.

Набыць новыя веды дапамог аўдыёаповед беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова. Школьнікі атрымалі магчымасць адчуць сябе вучнямі старажытнай школы: старанна выводзілі літары пісаламі на васкаваных таблічках. Завяршыўся занятак разгадваннем крыжаванкі.

Прыемна, што музейнымі заняткамі зацікавіліся і тыя, хто ніколі іх не наведваў. Дзеці, якія ўпершыню сустрэліся з музейным педагогам, былі вельмі ўражаны і пакідалі музей у чаканні наступнага наведвання.

665