У браслаўскім музеі адкрылася выстава грошаў

На адкрытай у гісторыка-краязнаўчым музеі выставе “Сакрэты з гаманца (кашалька)”, прадстаўлена багатая калекцыя баністыкі (папяровыя грошы) і нумізматыкі з фондаў. Тут можна даведацца пра гісторыю развіцця грошай ад старажытных часоў да сучаснасці.

У “безманетны” перыяд функцыю грошай выконвалі самыя разнастайныя тавары, часцей за ўсё гэта былі ракавіны каўры, шмат якіх знойдзена на Браслаўшчыне. Як і сёння, наш горад з’яўляўся памежным, тут праходзіў знакаміты гандлёвы шлях з “вараг у грэкі”. Пра развіццё гандлю сведчаць археалагічныя знаходкі (манеты, ўпрыгожванні), прадстаўленыя на выставе. Дзякуючы экспанатам, можна прасачыць гісторыю нашага краю: тут вы пабачыце манеты часоў ВКЛ і Рэчы паспалітай, Расійскай імперыі і Польскай Рэспублікі, савецкія чырвонцы і рублі, грошы часоў нямецкай акупацыі і больш позняга перыяду.

Грошы – гэта пэўны сімвал эпохі, дзяржавы, манарха. Нават па іх выглядзе можна ўявіць нейкія асаблівасці той эпохі. Нехта можа ўспомніць пра “ліхія 90-я”, пабачыўшы купоны, цэлы пакунак “зайчыкаў” і білеты банка “МММ”. На выставе можна пабачыць і калекцыйныя манеты, грошы розных краін свету, каштоўныя паперы, аблігацыі, латарэйныя білеты, прыклады разнастайных кашалькоў, схованак і тайнікоў. Ёсць тут і “класічная” шкляная банка, поўная савецкіх рублёў. Нехта доўгі час збіраў даволі значную суму, але так і не паспеў ёй скарыстацца. Цяпер гэта яшчэ дзін гістарычны ўрок і экспанат. “Грамадзяне, захоўвайце грошы ў ашчаднай касе” – нагадваюць нам фотаздымкі будынку банка па вуліцы Ленінскай. Што цікава, інфляцыя – гэта непазбежная ўласціваць грошай, але іх гістарычная значнаць з цягам часу толькі ўзрастае.

Гасцямі выставы сталі прадстаўнікі Белаграпрамбанка і дырэктар Браслаўскага філіяла Беларусбанка Сяргей Давыдаў, які цікавіцца гісторыяй і юнаком удзельнічаў у археалагічных раскопках на Замкавай гары і ў Рацкім боры. Сяргей Валер’евіч расказаў пра дзейнасць банка, выпуск манет і банкнот Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, перспектывы развіцця пластыкавых карт і інтэрнэт-плацяжоў. А таксама падарыў музею шмат прадметаў і буклетаў з паўсядзённага жыцця Беларусбанка. Гэтыя рэчы будуць выкарыстаны ў будучай выставе пра ўстановы і прадпрыемствы Браслава.

На пачатку выставы госці маглі праглядзець невялікі анімацыйны фільм пра гісторыю грошай, а напрыканцы пачаставаліся чаем, атрымалі салодкі прыз, адказаўшы на пытанні віктарыны. Калі вы не змаглі трапіць на адкрыццё, сардэчна запрашаем вас прыйсці ў музей, бо выстава будзе дзейнічаць да сярэдзіны снежня.

527