Прэзентацыя кнігі Святланы Куль “Вершы, байкі, паэмы. Кніга другая”


1 лютага а 18-й гадзіне Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае ўсіх на прэзентацыю паэтычнай кнігі беларускай аўтаркі Святланы Куль.

Першая кніга пад назвай “Вершы, байкі, паэмы” выйшла ў 2012 годзе. Творы гэтай серыі друкаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Верасень”, “Стары замак”, газетах “Літаратура і мастацтва” і “Наша Ніва”.

Наканаваннем лёсу для доктара гістарычных навук, выкладчыцы гісторыі культуры, архітэктуры і мастацтва, стваральніцы ўнікальнага курса беларускай гістарычнай храналогіі — Святланы Куль — адкрылася натхненне пісаць выдатныя вершы. У кожным з іх — лірычны водгук аўтаркі як на сюжэты сівой мінуўшчыны, так і сённяшні роздум, звязаны з хуткаплыннымі падзеямі сучаснага жыцця. Паэтычную повязь часоў Святлана Куль робіць прафесійна і ўпэўнена. У гэтым можна пераканацца, асабіста пазнаёміўшыся з аўтаркай і яе новай кнігай першым лютаўскім вечарам у Літаратурным музеі Петруся Броўкі.

У мерапрыемстве прымуць удзел гітарыст Уладзімір Захараў і літаратуразнаўца Ганна Севярынец.

Імпрэза пройдзе ў фармаце адкрытага мікрафона, кожны атрымае магчымасць выказаць свае думкі і адчуванні ад лірычных твораў Святланы. Вас чакаюць сяброўская атмасфера і сустрэча з цікавымі людзьмі!

Уваход вольны.

56