«Хочаш жыць – умей смяяцца»


30 лістапада а 16.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі мастацкіх твораў Анатоля Іванавіча Гармазы «Хочаш жыць – умей смяяцца».

Анатоль Іванавіч Гармаза – беларускі мастак-карыкатурыст. Нарадзіўся ў вёсцы Навасады Дзяржынскага раёна. Імкненне жартаваць праз малюнкі з’явілася ў яго яшчэ ў школьныя гады. Першыя вядомыя карыкатуры творцы адносяцца ўжо да 1970-х гадоў, калі ён вучыўся ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. К. Глебава. З 1978 года мастак працаваў у выданні «Вожык» – знакамітым беларускім часопісе сатыры і гумару. З 1985 года Анатоль Іванавіч займаў у «Вожыку» пасаду галоўнага мастака.

У 1999 годзе выйшаў першы нумар уласнага выдання творцы - дзіцячай вясёлай газеты «Шапакляк». На сённяшні час А. І. Гармаза - генеральны дырэктар ААТ «Редакция газеты «Шапокляк»», сярод выданняў якога – газеты «Друг пенсионера», «Вкуснятина», «Шапокляк», часопісы «Я на пенсии», «Зайкина школа», «Сказка на ночь» і інш. Выданні разлічаны на рознаўзроставую аўдыторую, пачынаючы з дашкольнікаў.

У газетах і часопісах выдавецтва публікуюцца работы мастака, якія выдзяляе тонкая назіральнасць і ўменне лёгка, яскрава і дакладна занатаваць супярэчлівыя моманты нашага звычайнага жыцця. Аўтар, аднак, нагадвае, што часта ў яго работах за знешнім гумарам крыецца сур’ёзны сэнс. З дапамогай карыкатуры творца выкрывае самыя благія якасці грамадства і чалавечай натуры.

У 2016 годзе выйшла кніга карыкатур Анатоля Іванавіча «Простые вещи», у якую ўвайшлі лепшыя работы мастака за апошнія гады.

На часовай экспазіцыі «Хочаш жыць – умей смяяцца» будуць прадстаўленыя жывапісныя і карыкатурныя работы, кнігі з ілюстрацыямі і афармленнямі А. І. Гармазы, граматы і ўзнагароды творцы.

У адкрыцці выставы возьмуць удзел народны калектыў «Дубравушка», спявак Юры Вольпаў, паэты-песеннікі, беларускія мастакі.

Выстава дзейнічае з 30.11 па 20.12 2018 года.

Шчыра запрашаем!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.
Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by
E-mail: myzeykolas@yandex.ru.
Мы ў сацсетках:
ВК: vk.com/yakubkolasby.
Instagram: @kolasmuseum.

137