У Полацку прайшоў другі семінар Рэгіянальнай музейнай акадэміі

У канцы мая на базе Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прайшоў другі семінар Рэгіянальнай музейнай акадэміі. На гэты раз ён быў прысвечаны музейнаму маркетынгу, камунікацыі і турызму. Спікерам семінара была Катрын Хіке - спецыяліст з Германіі, якая курыруе некалькі паспяховых праектаў як рэгіянальнага, так і міжнароднага ўзроўню. Мерапрыемства сабрало не толькі ўдзельнікаў пастаяннай групы, якія былі адабраны ў пачатку праекта, так і музейшчыкаў Віцебскай вобласці, запрошаных арганізатарамі не толькі слухаць лекцыі, але і актыўна ўдзельнічаць у трэнінгах і дыскусіях. Катрын Хіке вялікую ўвагу надала тэарэтычнай частцы, а таксама падзялілася ўласным вопытам у стварэнні музейных сетак, прасоўванні музейнага прадукта, брэндзіраванні музеяў. У праграме семінара былі не толькі заняткі, але і наведванне Сафійскага сабора, канцэрт арганнай музыкі, паездка ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Вольны час удзельнікі семінара выкарысталі для знаёмства з музеямі Полацка, наведванне якіх не было прадугледжана праграмай, адзначылі высокі ўзровень прафесіяналізма полацкіх калег і пачалі планаваць наведванне ўсіх музеяў запаведніка.