«Ну і штучка гэта ручка!» Гісторыя пісьмовых прыладаў ад пісала да шарыкавай ручкі

Летнія канікулы – самы падыходзячы час для вандроўкі, асабліва, калі яна напоўнена загадкамі і таямніцамі, якія трэба раскрываць. Дзеці са школьнага лагера Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2 наведалі Музей беларускага кнігадрукавання менавіта для гэтага. Яны здзейснілі вандроўку ў часе і прасторы і даведаліся дзівосную гісторыю прадмета, без якога ў школе не праходзіць і дня: гісторыю ручкі.

Дзеці перанесліся ў часы, калі людзі жылі ў пячорах і малявалі сцэны палявання на маманта, выкарыстоўваючы ў якасці пісьмовых прыладаў свае пальцы. Затым яны трапілі ў старажытны Полацк і ў ролі вучняў адной з мясцовых школ апрабавалі такі пісьмовы прыбор, як драўлянае пісала. Не абмінулі дзеці і час панавання пяра спачатку птушынага, а затым і стальнога. Не засталася без увагі і звыклая нам шарыкавая ручка: школьнікі не толькі разгледзелі прынцып яе работы, але і зрабілі сваю ручку са стрыжня і паперы, яе ж і ўзялі з сабой як сувенір на памяць.