Творчая сустрэча з дзіцячай пісьменніцай Наталкай Харытанюк.

9 ліпеня 2019 года ў 11.00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на творчую сустрэчу з дзіцячай пісьменніцай Наталкай Харытанюк. У рамках сустрэчы адбудзецца прэзентацыя кнігі «Казкі старога Адамкова», якая сёлета адзначана ў фінале прэміі Цёткі ў намінацыі «Найлепшыя беларускія кнігі для дзяцей і падлеткаў».

Наталка Харытанюк родам з Брэста. Сваю кнігу «Казкі старога Адамкова» яна прысвяціла сваёй малой радзіме. «Адамкова» – гэта назва былога фальварка ў Брэсце, што знаходзіцца ля самага берага Буга, на памежжы з суседняй Польшчай, а сёння з’яўляецца адміністрацыйным раёнам абласнога горада. Ідэя напісання кнігі для дзяцей з’явілася ў творцы пасля нараджэння сына, якому маладая маці расказвала казкі. Галоўныя героі кнігі – дзяўчынка Наталка (так звалі пісьменніцу ў дзяцінстве бацькі) і яе старэйшы брацік Кастусь. Увесь час яны трапляюць у неверагодныя сітуацыі, з імі здараюцца самыя розныя прыгоды. Кніга казак напісана ў жанры сюррэалізму, дзе, як тлумачыць аўтарка, сапраўдныя рэчы ажываюць, а прыгоды герояў заснаваны на рэальных падзеях.

На сустрэчы можна будзе не толькі паслухаць цікавыя гісторыі ад Наталкі Харытанюк, пазнаёміцца з героямі кнігі Наталкай і Костусем, але і пачуць сакавітую беларускую мову: даведацца, хто такія «ласун» і «ласуха» і што такое «цынамон», «імберац» і «цягліца».