Мінскаму абласному краязнаўчаму музею - 60 год

31 ліпеня 2019 г. Дзяржаўнай установе "Мінскі абласны краязнаўчы музей" спаўнілася 60 год.

31 ліпеня 1959 г. пастановай Выканаўчага камітэта Маладзечанскага абласнога савета дэпутатаў працоўных № 422 было прынята рашэнне аб заснаванні нашага музея. Першапачаткова музей меў назву ДУ "Маладзечанскі абласны краязнаўчы музей". Пасля скасавання ў 1960 годзе Маладзечанскай вобласці музей перайшоў у падпарадкаванне Мінскіх абласных органаў культуры і атрымаў сучасную назву. Музей быў адкрыты для наведвальнікаў 26 красавіка 1964 г.

Шмат часу музей знаходзіўся па адрасе вул. Лібава-Роменская 125. З 2006 г. ДУ "МАКМ" працуе ў новым будынку па адрасе вул. Партызанская 3. Новы будынак музея пабудаваны па праекту архітэктара Ігара Мікалаевіча Байцова (1936 - 2018 гг.)

У верасні 2011 г. адчынена новая экспазіцыя "Гісторыя Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку XX ст.". Экспазіцыя пабудавана па храналагічным прынцыпе са спалучэннем тэматычнага і ансамблевага метадаў. У музеі распрацаваны аглядныя і тэматычныя экскурсіі, лекцыі, курс "Маладзечназнаўства", цыклы заняткаў "Прырода і мы". Па выніках 2018 года зборы музея складаюцца з 78578 музейных прадметаў, з іх больш за 50 тысяч — асноўнага фонду, размеркаваныя па 36 калекцыям.

У розныя перыяды музеем кіравалі: Г.М.Паўлава, В.І.Носаў, Г.А.Каханоўскі, В.А.Ляшковіч, С.І.Марозаў, Т.С.Чаброўская, T.Л.Лянкевіч, Р.Г.Казановіч. З красавіка 2019 г. А.А.Чарнецкая.