Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Міхась Лынькоў: „…мой жыццёвы і творчы шлях“»


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае ўсіх жадаючых на літаратурна-дакументальную экспазіцыю «Міхась Лынькоў: „…мой жыццёвы і творчы шлях“», прымеркаваную да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры — народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Міхась Лынькоў — адна з самых выдатных творчых і арганізатарска-кіруючых постацей у літаратурным працэсе Беларусі савецкага часу пачынаючы з сярэдзіны 20-х гадоў. Ён — сын сваёй эпохі з усімі яе перамогамі, ілюзіямі, памылкамі.

«Творы Міхася Лынькова даўно і па справядлівасці сталі адметнаю старонкаю беларускай літаратуры, адной з найярчэйшых з’яў нашай культуры» (Васіль Быкаў).

Раман «Векапомныя дні» М. Лынькова, як і аповесць І. Шамякіна «Глыбокая плынь» (1949), раман I. Мележа «Мінскі напрамак» (1952) не толькі склалі важнае звяно ў развіцці беларускай прозы на тэму вайны. Яны накрэслілі ўжо яе новы рубеж. Але, каб гэты рубеж быў дасягнуты і заваяваны, спатрэбіліся важныя змены ў грамадскім жыцці сярэдзіны 60-х гадоў ХХ стагоддзя.

Экспазіцыя раскрывае старонкі жыцця пісьменніка ад нараджэння да апошніх дзён. Тут прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея: арыгінальныя фотаздымкі розных гадоў, рукапісы, нататнікі, дакументы, асабістыя рэчы, часопісы, якія ўводзяць нас у той час, калі жыў і працаваў Міхась Лынькоў. І галоўны вынік творчай працы кожнага пісьменніка — яго кнігі: «Векапомныя дні», «Гой», «На чырвоных лядах», «Пра смелага ваяку Мiшку i яго слаўных таварышаў», «Андрэй Лятун», «Астап», «Сустрэчы», «Ядвісін дуб», «Міколка–паровоз»…

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

(вул. М. Багдановіча, 13).

Кантактны тэлефон: (017) 335-44-47.