Каштоўны падарунак ад В. Кіпеля

Супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання ўжо пачалі знаёмства з даведнікам Зоры і Вітаўта Кіпеляў "Беларускі друк на Захадзе. Бібліяграфія" (Нью-Йорк - Варшава, 2006г.), як нечакана атрымалі яшчэ адзін каштоўны падарунак са Злучаных Штатаў. Дакладней, два падарункі. Першы - гэта ўжо знаёмая нам бібліяграфія, якая папоўніць фонд навуковай бібліятэкі НПГКМЗ. Другі - таксама кніга - манаграфія Юрыя Гарбінскага "Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: пэрыёдыка, графічныя друкі. 1945-2005" (Нью-Йорк - Варшава, 2009). У манаграфіі разгледжаны агульны стан вывучэння перыядычнага друку беларускай дыяспары, даследуецца тэма беларускага перыядычнага друку, у тым ліку і рэлігійнай перыёдыкі, паказана дынаміка развіцця эміграцыйнай прэсы (табліцы і дыяграмы); асобны раздзел прысвечаны графічным друкам беларускай дыяспары. У даследаванні выкарастаны ілюстрацыі графічных друкаў, прадстаўлены рэпрадукцыі тытульных старонак большасці рэлігійных перыядычных выданняў. Важным элементам працы з'яўляюцца статыстычныя карты-табліцы, якія змешчаны напрыканцы кнігі (дыск CD).
Кніга дазволіць паглыбіць веды пра рэлігійную перыёдыку і беларускі эміграцыйны друк у цэлым.