Выстава «(Не)сучаснае мастацтва»

З 10 кастрычніка Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў прадстаўляе выставу «(Не)сучаснае мастацтва» Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча.

Сябры творчай суполкі «Коўня» Юрый Гудзіновіч і Мікалай Байрачны называюць сваё мастацтва «не сучасным» у тым сэнсе, што мастакі не гоняцца за хуткаплыннай модай. Яны ведаюць: людзі з годным культурным досведам шануюць традыцыю.

Творцы робяць рэчы, якія лашчаць вока, якія прыемна трымаць у руках. Кожны экспанат самадастковы ў эстэтычным і канцэптуальным сэнсе, але разам яны ствараюць ёмістае ўяўленне пра свет, які нас атачае. Тут у наяўнасці вобразы, што сімвалізуюць стыхіі — ваду, зямлю, паветра. У гэтых творах суіснуюць дзень і ноч, як два станы душы пад адной абалонкай; рэчаіснасць, да якой можна дакрануцца рукамі, і нябачны для вачэй ўяўны свет. Тут сярод аскепкаў міфаў блукае водгулле існай гісторыі.

Традыцыя захоўваць халодную зброю ў кабінеце на выкшталцоных падстаўках існуе здаўна, але мастакі дасягаюць вытанчанай гармоніі ў спалучэнні клінка і анімалістычнай скульптуры. Дасканалы досвед збройніка і філіграннае майстэрства скульптара не перабіваюць адно аднаго, а яднаюцца ў творчым дуэце.

Кожная з кабінетных кампазіцый — гэта займальны аповед, казка, легенда, у якой за відавочным сэнсам абавязкова ёсць нейкая таямніца. Тут зашыфраваны старажытныя веды і рамантычныя гісторыі, якія хочацца разгадаць... Кожная дэталь кабінетнага прыбора мае сэнс і, пры ўважлівым разглядзе, пачынае «размаўляць». Каханне, падступства, ліслівасць, падман, высакароднасць — усё сплятаецца ў гэтым мастацкім «клубку».

Прадстаўленыя ўзоры зброі не з’яўляюцца копіямі пэўных аналагаў, а выраблены ў адпаведнасці з тэхналогіяй і мастацкімі перавагамі канкрэтнага перыяду гісторыі. Так, як бы гэта зрабіў майстар адпаведнага часу.

Акрамя прыгажосці, вытанчанасці і дасканалага майстэрства гэтыя работы маюць яшчэ і асветніцкую функцыю. Дзе яшчэ можна ўбачыць разам кельцкі кінжал з выявай старажытнага бажаства — чатырох-аблічнага Святавіта; штылет часоў Бенвенута Чэліні; шыфравальнае кола Альберці, ўжыванае пры кардынале Рышэлье; грозны кінжал-рондаль з сакрэтный прыладай; сярэбраны шастапёр гусарскага палкоўніка Рэчы Паспалітай?

Адкрыццё адбудзецца 9 кастрычніка у 18:00.

Выстаўка працягнецца па 27 кастрычніка 2019 г. па адрасу: пр-т Незалежнасці, 47.
Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00.
Работа з арганізаванымі школьными групамі з 11:00.
Выхадны: панядзелак-ауторак
Каса: +375 (17) 242-78-14.
Інфармацыя: +375 (17) 235-03-32