Расстраляная літаратура: памяці беларускіх паэтаў

29 кастрычніка 1937 года ў Мінску, у сутарэннях унутранай турмы НКУС (так званай «амерыканкі»), адбылася акцыя, аналагаў якой не ведала гісторыя чалавецтва – на працягу ночы было расстраляна больш за сто беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў. Сярод іх былі пісьменнікі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Янка Нёманскі, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Юлі Таўбін... І гэта толькі невялікая частка нявінных ахвяр, знішчаных за гады сталінскіх рэпрэсій.

Гэтая дата ўвайшла ў гісторыю, як самая чорная ноч у гісторыі беларускай культуры. Стала ўжо традыцыяй праводзіць прымеркаваныя да яе вечары памяці. Да акцыі далучыўся і Музей беларускага кнігадрукавання.

29 кастычніка а 15-й гадзіне запрашаем усіх наведаць літаратурную імпрэзу «Расстраляная літаратура» з удзелам пісьменніка Алеся Аркуша і сяброў літаратурнага аб'яднання «Наддзвінне».

Уваход вольны!