Памяці расстраляных паэтаў

29 кастрычніка ў Музеі беларускага кнігадрукавання прайшоў літаратурны вечар, прысвечаны памяці рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў. «Расстраляная літаратура» - так назвалі супрацоўнікі музея гэтую імпрэзу. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску было расстраляна больш за сто беларускіх культурных і дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў, літаратараў. Сярод іх такія таленавітыя і ўжо вядомыя на той час пісьменнікі, як Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Васіль Сташэўскі, Юлі Таўбін, Міхась Чарот.

Некалькі гадоў таму ў нашай краіне стала традыцыяй менавіта гэтую дату адзначаць чытаннем вершаў расстраляных паэтаў. У гэтым годзе да акцыі далучыўся і Полацк.

У імпрэзе прынялі ўдзел нашы полацкія пісьменнікі. Алесь Аркуш, вядомы не толькі як паэт, празаік, журналіст, але і даследчык полацкай літаратурнай гісторыі, расказаў пра дзейнасць Алеся Дудара, Андрэя Александровіча, Валерыя Маракова, Паўлюка Шукайлы, Яна Скрыгана на Полаччыне. Сябры народнага літаратурнага аб'яднання «Наддзвінне» прачыталі вершы рэпрэсіраваных паэтаў, а некаторыя і свае творы, прысвечаныя гэтай тэме. Людміла Фёдарава выканала песні на словы Алеся Дудара. Прачулым і ўсхваляваным выступленнем пісьменніцы-навапалачанкі Ірыны Жарнасек завяршыўся гэты вечар.

Поўная зала неабыякавых людзей, сярод якіх было шмат моладзі, стала сведчаннем, наколькі патрэбны такія мерапрыемствы.