«Адлюстраванні»


У 2019 годзе адзначаюцца 115 год са дня нараджэння паэта і перакладчыка Алеся Дудара, 220 год са дня нараджэння класіка рускай літаратуры, стваральніка рускай літаратурнай мовы Аляксандра Пушкіна і 270 год са дня нараджэння вялікага нямецкага паэта, перакладчыка, навукоўца Іагана Гётэ.

Алесь Дудар (Аляксандр Дайлідовіч) – асоба ў сучаснасці малавядомая, а ў мінулым – неадназначная. Ён нарадзіўся 24 снежня 1904 г. ў вёсцы Навасёлкі Мозырскага павета. У 1923 г. быў адным з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій “Маладняка”. У 1927–1928 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў быў вымушаны пакінуць навучальную ўстанову. У снежні 1927 г. выйшаў з “Маладняка” і далучыўся да новага аб’яднання – “Полымя”. Аўтар паэтычных зборнікаў “Беларусь бунтарская” (1925), “Сонечнымі сцежкамі” (1925), “Шанхайскі шоўк” (1926), “І залацісцей, і сталёвей” (1926), “Вежа” (1928), “Вайна за мір” (1934), празаічных твораў і крытычных артыкулаў. Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “член антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 г.

У асобе Алеся Дудара бясспрэчна адно – харызматычнасць і бязмежны паэтычны талент. Менавіта Дудару ў 1936 г. Янка Купала прапанаваў зрабіць пераклад на беларускую мову сусветна вядомага рамана ў вершах “Яўгеній Анегін” Аляксандра Пушкіна. Спрабаваў сябе паэт і ў перакладзе трагедыі Іагана Гётэ “Фаўст”.

Выстава “Адлюстраванні” акцэнтуе ўвагу на містычных супадзеннях у лёсе Алеся Дудара з вызначальнымі момантамі ў жыцці Іагана Гётэ і Аляксандра Пушкіна – знакамітыя творы якіх ён перакладаў. Пераклад як адлюстраванне арыгінальнага тэксту, яго пераўвасабленне, – патрабуе выдатнага ведання мовы і шырокага мастацкага досведу. Перакладчык становіцца суаўтарам, уваходзіць у сінергію са сваімі папярэднікамі ў паэзіі, што можа мець сваё містычнае адлюстраванне ў яго ўласных жыццёвых калізіях.

Пашыраюць вобразны рад выставы графічныя работы Арлена Кашкурэвіча паводле трагедыі Іагана Гётэ “Фаўст” з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама ілюстрацыі Канстанціна Рудакова да рамана ў вершах Аляксандра Пушкіна “Яўгеній Анегін” з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

791