Гадзіна памяці да 100-годдзя нашага земляка паэта Міколы Аўрамчыка адбылася ў Бабруйскім краязнаўчым музеі

Нашу малую радзіму Бабруйск і Бабруйшчыну Бог шчыра надзяліў і прыроднай прыгажосцю і таленавітымі людзьмі. Адзін з іх – Мікола Аўрамчык, вядомы беларускі паэт, пісьменнік, лаўрэат Літаратурнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, заслужаны работнік культуры БССР, які нарадзіўся ў вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна 14 студзеня 1920 года. Да гэтай юбілейнай даты супрацоўнікі краязнаўчага музея і гарадской бібліятэкі № 8 імя Е. Полацкай падрыхтавалі і правялі гадзіну памяці, назву якой даў вершаваны радок аўтара “…Як тут хлебам, мёдам і грыбамі пахне навакол сама зямля…”. У рамках памятнага мерапрыемства з фондаў музея і бібліятэкі была арганізавана міні-выстаўка друкаваных выданняў твораў паэта розных гадоў, у тым ліку і з яго аўтографамі, фатаграфій і дакументаў. Пасля ўвода ў тэму, зробленага навуковым супрацоўнікам музея Ларысай Цімашэнка, адбылася цікавая бяседа, якую правяла бібліятэкар 2-й катэгорыі Наталля Асіповіч. Былі агучаны малавядомыя факты біяграфіі пісьменніка, слухачы даведаліся пра яго нялёгкі і гераічны жыццёвы шлях, багацце і непаўторнасць літаратурнай спадчыны, яго рамантычнае і вернае каханне. Удзельнікамі памятнага мерапрыемства сталі навучэнцы Бабруйскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа, супрацоўніцтва з якім стала ўжо добрай традыцыяй Бабруйскага краязнаўчага музея.

1035