Падарунак калекцыянеру

Дзіцячая калекцыя ў музеі заўсёды выклікае замілаванне ў дарослых, яна цікавая і для аднагодкаў самога калекцыянера, і для супрацоўнікаў музея ў якасці матэрыялу, які дае магчымасць раскрыць багаты ўнутраны свет дзіцяці.

Калекцыя Данііла Шафрана «Дагістарычныя яшчары» стала сапраўднай «навуковай лабараторыяй» для дзяцей дашкольных устаноў нашага горада, якія на два тыдні сталі палеантолагамі, а значыць, праводзілі даследаванні і здзяйснялі для сябе розныя адкрыцці.

Прадстаўленая калекцыя, як паказаў час, зацікавіла і віртуальных наведвальнікаў. Сям'я Міронава Кірыла, вучня 6 класа ДУА «Ветрынская сярэдняя школа імя Д.У. Цябута Полацкага раёна» пасля таго, як даведалася аб выставе фігурак дыназаўраў на сайце Дзіцячага музея, вырашыла сустрэцца з юным калекцыянерам. Справа ў тым, што Міронаў Кірыл, якога прыцягвае карпатлівая праца па дрэве, распавёў пра свае захапленні і зрабіў нашаму калекцыянеру падарунак: дыназаўра, складзенага з ўласнаручна спілаваных драўляных дэталяў.

Для Данііла падарунак стаў прыемнай нечаканасцю. Са свайго боку, сям'я Даніка падарыла неабыякавым наведвальнікам кнігу і прысмакі. А потым юныя сябры знаёміліся з калекцыяй, размаўлялі, складалі пазлы, атрымлівалі асалоду ад знаходжання ў музеі.

 Ці сумуе калекцыянер, калі на пэўны час растаецца са сваёй калекцыяй?

«Сумую! Але няхай яны яшчэ пажывуць у вас!» - адказаў нам Данііл Шафран.