Да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

11 красавіка - Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

У гады Другой сусветнай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі на акупіраваных тэрыторыях стварылі вялікую сетку фабрык смерці. З 18 млн насельніцтва Еўропы, якое прайшло праз канцлагеры, было знішчана больш за 11 млн. Сярод тых, хто выжыў, быў вядомы полацкі педагог, кампазітар - Мікалай Макаравіч Пятрэнка. У канцы 1930-х гг. юнак з Гомельшчыны марыў стаць настаўнікам і таму паступіў у Мінскі педінстытут імя М. Горкага. Але ўсё перакрэсліла вайна. М.М. Пятрэнка быў прызваны ў Чырвоную Армію, дзе заняў пасаду намесніка палітрука мінамётнай роты. У першыя дні вайны пад г. Марыямпале на тэрыторыі Літвы Мікалай Пятрэнка быў цяжка паранены ў нагу і трапіў у шпіталь, эвакуіраваць які не паспелі. Так хлопец стаў вязнем нямецкіх канцлагераў на доўгія чатыры гады. Фалінгбастэль, Фленсбург, Нойенгамэ... Двойчы М.М. Пятрэнка спрабаваў уцячы, яго лавілі, катавалі...

У канцы красавіка 1945 г. 10 тысяч вязняў з канцлагераў на тэрыторыіі паўночнай Германіі, сярод якіх быў і Мікалай Пятрэнка, пачалі перавозіць на караблі «Кап Аркона» і «Дойчланд», якія знаходзіліся ў 4 км ад ўзбярэжжа, ў Люблінскай бухце. На «Кап Аркона», куды трапіў і М.М. Пятрэнка, размясцілі каля 4 тысяч вязняў. Аднак 3 мая 1945 г. англійская авіяцыя памылкова нанесла ўдар па гэтых караблях, яны загарэліся і пачалі тануць. Праз разбіты ілюмінатар Мікалаю Макаравічу ўдалося пакінуць трум і ён апынуўся ў ледзяной вадзе. З апошніх сіл 25-гадовы хлопец дабраўся да якарнага ланцуга і па ім падняўся на палубу, пажар на якой спрабавалі патушыць ахоўнікі. Вечарам на ўзбярэжжы з'явіліся англійскія войскі. З карабля «Кап Аркона» выратаваліся толькі 223 чалавекі. Праз два тыдні былых вязняў перадалі прадстаўнікам савецкага камандавання. А далей М.М. Пятрэнку чакала праверка «Смерш». Чалавеку, які знаходзіўся ў палоне, сустрэча з супрацоўнікамі контрразведкі Савецкага Саюза нічога добрага не абяцала. Але Мікалаю Макаравічу пашанцавала – пасля гутаркі яго накіравалі працягваць службу ў дзеючай арміі. Аднак па стану здароўя М.М. Пятрэнка ў хуткім часе трапіў у шпіталь, дзе правёў амаль тры месяцы. Пасля выпіскі – працягнуў ваенную службу. У студзені 1946 г Мікалай Макаравіч быў дэмабілізаваны і вярнуўся на Гомельшчыну.

З Полацкам жыццё М.М. Пятрэнкі звязана з 1960 г. Ён стаў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Полацкага педвучылішча, а затым - намеснікам дырэктара гэтай навучальнай установы. За шматгадовую добрасумленную працу па выхаванню падрастаючага пакалення і вялікую грамадскую дзейнасць ў 1995 г. педагогу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. Полацка». Нягледзячы на выпрабаванні, які выпалі на долю Мікалая Макаравіча, ён застаўся добрым і спагадлівым чалавекам. Заўсёды мог прыйсці на дапамогу, даць слушную параду. Такім ён і паўстае ва ўспамінах былых вучняў і калег.

1201