Анлайн-канферэнцыя «"Права на спадчыну" і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні»

Шукаюцца адмыслоўцы ў галіне аховы спадчыны, здольныя прапанаваць змены ў дзяржаўную сістэму ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей.

19-20 чэрвеня адбудзецца анлайн-канферэнцыя «"Права на спадчыну" і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні» ад Беларускага камітэта ICOMOS і МГА “ЕўраБеларусь”. Спецыялісты і даследчыкі, якім ёсць што прапанаваць па ўдасканаленні гэтага інструмента, запрашаюцца заявіць сваю тэму да 1 чэрвеня ўключна.

Архітэктары, даследчыкі, музейныя супрацоўнікі, культурныя менеджары з дзяржаўных інстытуцый і грамадскіх арганізацый, уласнікі архітэктурных помнікаў, чыя дзейнасць звязаная з аб’ектамі спадчыны, маюць магчымасць абмеркаваць усе супярэчнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Беларускі камітэт ICOMOS і МНДА “ЕўраБеларусь” запрашаюць на анлайн-канферэнцыю «“Права на спадчыну” і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні» 19-20 чэрвеня. Падзея адбудзецца ў фармаце стрымаў і групавой анлайн-працы, галоўнай задачай якіх будзе аб’ектыўная ацэнка магчымасцей і абмежаванняў дадзенага дакумента для працы з рознымі катэгорыямі помнікаў. Вынікі супольнай экспертнай рэвізіі арганізатары прадставяць у Міністэрства культуры для будучай дапрацоўкі спіса.

Да 1 чэрвеня ўключна прымаюцца заяўкі на выступ, тэзы якога могуць удасканаліць названы дзяржаўны дакумент і тым самым пайсці на карысць усёй сферы аховы спадчыны ў Беларусі. Выбраныя даклады будуць апублікаваныя, а лепшыя прапановы стануць практычнымі крокамі ў межах праекта “Права на спадчыну” - партнёрскай ініцыятывы Беларускага камітэта ICOMOS і “ЕўраБеларусі”.

Усе зацікаўленыя могуць далучыцца ў якасці гледача анлайн-канферэнцыі па рэгістрацыі.

Вядомы тэмы першых пацверджаных дакладаў:

- Кіраўнік Беларускага камітэту ICOMOS Сцяпан Стурэйка з уводным выступам “Кіраванне культурнай спадчынай у зменлівым свеце: Механізмы менеджменту, якія неабходныя Беларусі ўжо ўчора”. Даклад будзе прысвечаны агляду зменаў у стаўленні да спадчыны ў еўрапейскіх краінах і шэрагу адпаведных пытанняў, на якія важна знайсці адказы і беларускім спецыялістам.

- Міхаіл Гаўхфельд, намстаршыні Беларускага саюзу архітэктараў, зверне ўвагу на ігнараванне аўтарскага права архітэктараў на свае творы, што склалася праз татальнае тыпавое праектаванне ў савецкі перыяд і зацвердзілася ў нарматыўнай базе Беларусі. Даклад раскрые, як праблема праяўляецца падчас рамонтных прац, рэканструкцыі і ўплывае на захаванне помніка і стаўленне насельніцтва да яго.

- Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, агучыць прапановы па зменах і дапаўненнях у Кодэкс аб культуры зыходзячы з досведу сваёй арганізацыі.

- Алена Жасткова, дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча, дасць свой агляд і ацэнку практык функцыянавання інстытута ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей на прыкладзе г. Ашмяны.

- Арт-дырэктар і мастак Максім Осіпаў на прыкладзе руін у в. Белая Царква паспрабуе паказаць падыход да захавання, рэстаўрацыі і выкарыстання руін культавых аб'ектаў, што знаходзяцца ў малажылых месцах і ва ўласнасці арганізацый, што не валодаюць рэсурсамі для працы з імі.

- Супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Ігар Іваноў, які кожны дзень назірае, як «жыве» драўляны будынак, закране праблемныя кропкі ў яго эксплуатацыі, базе ведаў у айчыннай практыцы (і параўнае яе з практыкамі краін-суседзяў), а таксама перыпетыі будаўнічага заканадаўства і ахоўных мерапрыемстваў.

- Уладзіслаў Рудакоў, аўтар тэлеграм-каналу «Куды палез?!», дасць свой аналіз, чаму Дзяржспіс ГКС не толькі не абараняе сядзібна-паркавыя комплексы, але і з'яўляецца перашкодай да набыцця імі новага жыцця ў руках прыватных уласніках (то бок фактычна знішчае гэтыя помнікі). Як пазбегнуць «антырэстаўрацыі» і дапамагчы сядзібна-паркавым комплексам «выжыць»? - галоўныя пытанні даклада.

Не менш за тры даклады ўвойдуць у секцыю, прысвечаную гістарычным пахаванням у Беларусі:

- Дзяніс Юрчак, галоўны спэцыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, са свайго боку раскрые маральны і эканамічны аспекты двайнога ўліку вайсковых пахаванняў.

- Цімафей Акудовіч, даследчык некропаляў Беларусі, паставіць прамое пытанне аб увядзенні новай катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці для вайсковых і іншых могілак.

- Прадстаўнікі Музея бітвы за Днепр у Лоеве: кіраўнік Цэнтра дакументацыі Генадзь Сівохін і дырэктарка Ксенія Сямашка - дадуць жорскі аналіз ўнутранай логікі Дзяржаўнага спіса ГКС і яго дзейснасці для працы сучаснага музея па ўвекавечанні памяці аб загінулых. У прыватнасці, будуць разгледжаныя праблемы ў ахове воінскіх брацкіх магіл, неадпаведнасці іх статуса і падведамственнага дачынення.

Больш падрабязнасцей аб тэматычных секцыях - на сайце канферэнцыі.

Падзея ў Facebook

774