Страчаная спадчына Навагрудчыны. Частка 5. Кубак Ядзвігі.

У рамках праекту “Страчаная Спадчына”, які мы распачалі як серыю відэа-ролікаў, раскажам Вам сёння пра адзін цікавы артэфакт, якіх на абшарах нашай краіны нідзе больш не знаходзілі. Гаворка пойдзе пра “шкляніцу Ядзвігі”, альбо “Кубак Ядзвігі”.

Па легендзе кубкі належалі каралеве Ядзвізе, жонцы сілезскага князя Генрыха Барадатага. Калі Ядзвіга піла ваду, дык крануўшыся вуснамі такога кубка, вада пераўтваралася ў віно.

Кубкі такога тыпу шырока вядомыя навукоўцам нягледзячы на тое, што іх не так і шмат - на сённяшні дзень вядома 14 такіх артэфактаў. Звычайна, гэтыя кубкі датуюцца 11-12 стст. Большасць з іх паходзіць з тэрыторый, якія колісь уваходзілі ў склад Свяшчэнай Рымскай імперыі. За межамі гэтых тэрыторый было знойдзена толькі некалькі такіх кубкаў, сярод якіх першым быў кубак з Наваградка.

Насамрэч, навагрудскі “Кубак Ядзвігі” фізічна існуе - яго можна пабачыць у экспазіцыі ў Эрмітажы, - але ў той жа момант ён “страчаны” для нашых даследчыкаў і наведвальнікаў нашага музея.

Навагрудскую шкляніцу знайшлі пад час археалагічных раскопак на Навагрудскім замку (1955-1962 гг.). Гэта фрагмент кубка (2/3 ад цэлага прадмета), а таксама неапрацаваны кавалак шкла, меркавальна, ад другога кубка такога ж колеру, што і першы кубак. Кубак аздоблены рэльефнаю разьбою і гравіроўкай: фігуры грыфона, ільва і дрэва жыцця ў выглядзе дзвюх змей.

Усе 14 кубкаў Ядзвігі выраблены ў даволі складанай тэхніцы (магчыма таму Брытанскі музей і аднёс іх да 100 самых значных твораў матэрыяльнай культуры ўсяго чалавецтва): гэта тоўстасценныя сасуды, якія маюць рэльефныя упрыгожванні, элементы, вырабленыя шляхам зточвання фона вакол арнаменту. Можна сцвярджаць, што ўсе кубкі вырабілі ў адной майстэрні. Падставай для такіх высноў служыць своеасаблівая тэхніка вырабу і самі элементы аздаблення кубкаў, а таксама той факт, што гэта былі вельмі дарагія рэчы, прызначаныя не для продажу на рынках, але толькі даступныя пад асабістую замову. Навукоўцы мяркуюць, што кубкі выкарыстоўвалі ў якасці дыпламатычных дароў і пад час каранацый.

Усіх тых, хто хоча даведацца больш аб паходжанні, тэхніцы вырабу і аздабленні кубкаў, мы чакаем у нашым музеі.

І напрыканцы нашага кароткага аповяду хочам прапанаваць нашым паважаным падпісчыкам адказаць на пытанні: ці магла “шкляніца Ядзвігі” выпадкова трапіць у Наваградак? І ці магла яна прысутнічаць пад час каранацыі Міндоўга ў Наваградку? Чакаем Вашыя каментары!

999