Жанчыны ў гісторыі Навагрудчыны. Частка 2. Раіна Грамычына-Манькоўская.

Сябры, а ці ведаеце Вы што-небудзь пра чараўніц-вядзьмарак-траўніц, якія колісь жылі на Навагрудчыне? Калі не, дык мы Вам зараз распавядзём!

Гэта было даўно, у далёкім 1603 годзе, у Навагрудскім павеце нарадзілася дзяўчо - Раіна Манькоўская. Калі прыгажуні споўнілася 17 год, праваслаўны святар Марцін Грамыка пабраўся з ёй шлюбам, і маладыя пераехалі жыць у вёску Ятра. Там Раіна займалася лекаваннем людзей замовамі і зёлкамі, пра што ведала яшчэ з дзяцінства. За гэта людзі і лічылі яе лекаркай, альбо знахаркай.
Дарэчы, мы б ніколі не дазналіся пра нашу зямлячку, каб не Ян Станіслаў Сапега, які ўвайшоў у гісторыю перш за ўсё дзякуючы ганебнаму працэсу супраць нашай “чараўніцы”, Раіны. Справа ў тым, што пад канец жыцця ў Яна Станіслава Сапегі з’явіліся сімптомы псіхічнай хваробы, што непасрэдна паўплывала на распачынанне ў яго маёнтках палявання на чараўніц, гэтак званае “адчароўванне” маёнткаў маршалка.
А гісторыя пачалася з таго, што адна жанчына, якую падазравалі ў чараўніцтве, назвала ў якасці сваёй “кампаньёнкі” Раіну Грамычыну. Даносчыца пераконвала, што Раіна з’яўляецца вельмі моцнай вядзьмаркай.
Па версіі даследчыкаў, у 1629 годзе Раіну Грамычыну запрасілі лекаваць пяцігадовага і адзінага сына Яна Станіслава Сапегі. І сапраўды, калі прыйшла знахарка, малому стала лягчэй. Але не паспела Раіна пайсці з дому магната, як сына Яна Станіслава не стала. А пасля і Ян Станіслаў адчуў тыя самыя сімтомы хваробы, што і малы.
Канешне, ва ўсім абвінавацілі “вядзьмарку”. Раіну схапілі. Працэс цягнуўся цягам двух гадоў. Натуральна, што за гэты час знайшлі і сведкаў так званага “чараўніцтва” - асабліва гэта тычылася акушэрскай дзейнасці Раіны. Грамычына прасіла выпусціць яе з-­пад кратаў і абяцала зрабіць так, што Ян Станіслаў будзе хутка здаровы і хутка ажэніцца. Муж Раіны, свяшчэнік Марцін Грамыка, які асабіста асвячаў сабраныя Раінай зёлкі, таксама казаў, што ягоная жонка не чараўніца, бо інакш, як ён можа жыць разам з ёй.
Гісторыя скончылася тым, што Раіну прызналі не толькі чараўніцай, але і “чарнакніжніцай”. І натуральна, што інквізіцыя “за сувязь з нячыстай сілай” спаліла жанчыну-лекарку на вогнішчы. Гэта адбылося ў 1631 годзе ў ваколіцах Слоніма. Але Раіна паспела сказаць свае апошніі словы Сапегам, “Каб было ім, як мне”. І сапраўды, праз кароткі прамежак часу пасля экзекуцыі “вядзьмаркі” памірае бацька Яна Станіслава, Леў Сапега. Адразу пасля яго, і жонка Яна Станіслава, Грызэльда Весялоўская. Сам жа Ян Сапега памёр у 1635 годзе, перажыўшы свайго бацьку і апошнюю жонку ўсяго на некалькі год. І так прыпыніўся род Сапегаў па лініі ўсім добра вядомага канцлера ВКЛ Льва Сапегі і ягонага старэйшага сына Яна Станіслава.
Шаноўнае спадарства, а як вы думаеце, ці была Грамычына-Манькоўская сапраўднай вядзьмаркай? Ці проста маладая жанчына стала закладніцай абставін, часу і месца? Чакаем вашыя адказы, меркаванні і самыя фантастычныя ідэі!

1163