Асоба ў гісторыі Навагрудчыны. Частка 1. Ян Комар

Ян Комар - адзін са старэйшых фатографаў-аматараў Беларусі. Нарадзіўся ў 1920 годзе і практычна ўсё жыццё пражыў у вёсцы Нянькава Навагрудскага раёна. Яго бацькі - простыя сяляне Ігнат Парфяновіч і Алімпіяда Кліменцьеўна з вёскі Нянькава. У вясковай школе скончыў чатыры класы (хадзіў у польскую школу), а пасля малы Ян пайшоў у беларускую школу ў Любчы. У дзяцінстве бацькі аддалі сына ў вучні да краўца з суседняй вёскі Ракевічы, дзе ён навучыўся шавецкай справе.

У 1944 годзе Яна Ігнатавіча мабілізавалі ў Савецкую Армію. Адразу ён быў накіраваны на Украіну, затым у запасны полк, які размяшчаўся ў горадзе Оўруч. Пазней яго, навабранца, накіравалі ў якасці стралка ў складзе роты супрацьтанкавай зброі ваяваць у Вугоршчыну. Там ён быў паранены. Перамогу Ян Ігнатавіч сустрэў у Аўстрыі. Вайна скончылася, але будучы фатограф быў дэмабілізаваны толькі ў 1946 годзе. Ян Ігнатавіч вярнуўся ў родную вёску пешшу з Аўстрыі з асколкам у назе. Спачатку працаваў у калгасе, а пазней працаваў па спецыяльнасці - шыў мужчынскую вопратку ў быткамбінатах у вёсках Нянькава і Пантусавічы.

Аб прафесіі фатографа Ян Ігнатавіч пачаў марыць яшчэ ў 14 год, калі да іх у школу прыйшоў мясцовы фатограф Сава Сіўко, які і натхніў юнака на вывучэнне фатаграфіі. Свой першы фотаапарат Ян Ігнатавіч змог купіць толькі ў 1958-м годзе. Ён аддаў свае два месячныя заробкі за новенькі малафарматны «Зеніт-С», з якім ён не расставаўся на працягу 50 гадоў. Жонка Яна Ігнатавіча адразу была незадаволеная набыццём такой дарогай рэчы. Але пазней і сама часта фатаграфавала мужа, а муж яе.

У архіве Яна Ігнатавіча больш за дзве тысячы негатываў. Здымаў ён на чорна-белую плёнку, сам праяўляў яе і вазіў друкаваць негатывы ў горад.

Ян Ігнатавіч стварыў унікальную фотахроніку жыцця вёскі Нянькава. Такой візуальнай хронікі больш няма ні аб адной вёсцы Беларусі. Вывучыўшы спецыяльную літаратуру, Ян Ігнатавіч пачаў фатаграфаваць сваіх родных, блізкіх, сяброў і знаёмых, рабіў фота на дакументы, партрэты сваіх аднавяскоўцаў - дарослых і дзяцей, у іх простым паўсядзённым жыцці, у святы і будні; будаўніцтва дамоў, розныя сельгасработы, святы - ні адна з паўсядзённых вясковых падзей не абыходзілася без мясцовага фотааматара.

І так Ян Ігнатавіч усё сваё жыццё вёў летапіс вёскі, запісваючы ў сшытак асноўныя падзеі населенага пункта: хто нарадзіўся, хто ажаніўся, хто памёр; запісваў кожную плёнку, распісваў, што адлюстравана на тым ці іншым кадры, год, нумар плёнкі, вытрымка / асветленасць. І гэтак кадр за кадрам - год за годам.

Цікавы факт, Ян Ігнатавіч ужо рабіў “сэлфі”, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам.
І ў свае 100 гадоў Ян Ігнатавіч не расстаецца з фатаграфіяй. Толькі свой старэнькі "Зеніт-С" ён памяняў на лічбавы фотаапарат і смартфон.

Таксама Вы можаце пазнаёміцца з кароткаметражным фільмам, прысвечаным фатографу. Фільм быў зняты ў 2019 г. Андрэем Васкрасенскім па сцэнары Альберта Цэхановіча

965