Ваколіцы Навагрудка. Частка 3. Літоўка

Пасяленне на месцы вёскі Літоўка было заснавана палабскімі плямёнамі, перасяленцамі з міжрэчча Лабы (Эльбы) і Одэра на тэрыторыі Германіі. Назва Літоўка, магчыма, паходзіць ад назвы Litouga, што ў Зямлі Мекленбург (Германія).
У ХІІІ ст. Літоўка належала біскупу Хрысціяну, які хрысціў князя Міндоўга і 600 іншых знатных родаў, а пасля заняпаду каталіцкага біскупства была перададзена ўтворанай у 1316 г. Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Навагрудку і далей увесь час была ва ўласнасці праваслаўных мітрапалітаў.
Даліна возера Літоўкі – месца падзей, апісаных Адамам Міцкевічам у эпічнай паэме “Гражына. Літоўская аповесць”. У аснове паэмы – легенда пра навагрудскага князя Літавора, які заключыў здрадніцкую дамову з крыжакамі, і яго жонку, адважную ліцвінку Гражыну, якая выступіла на чале ліцвінскага войска супраць крыжакоў і выратавала сваю краіну ад ганьбы цаной уласнага жыцця.
У 1969 годзе падчас здымкаў кінафільма “Сыны ідуць у бой” (рэжысёр Віктар Тураў) на Літоўцы некалькі дзён жылі надзвычай папулярны савецкі паэт і бард, акцёр тэатра і кіно Уладзімір Высоцкі і яго жонка, французская актрыса расійскага паходжання Марына Уладзі.

1175