Асоба ў гісторыі Навагрудчыны. Частка 4. Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі

Сёння 40 гадоў з дня смерці Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага (25 ліпеня, 1980 г.). І Літоўка традыцыйна збірае гасцей і бардаў на фестываль-конкурс "Музыка сэрцаў", прысвечаны памяці Уладзіміра Сямёнавіча.

І нездарма менавіта Літоўка была выбрана месцам правядзення фестывалю і месцам сустрэчы прыхільнікаў яго творчасці. Справа ў тым, што ў 1969 годзе на Наваградчыне праходзілі здымкі кінафільма беларускага рэжысёра Віктара Турава «Сыны ідуць у бой», у якіх прымаў удзел вядомы акцёр і паэт Уладзімір Высоцкі. У гэтым фільме гучыць некалькі яго песень.

Падчас здымкаў фільма, летам 1969 года Ўладзімір Высоцкі жыў у вёсцы Літоўка. А Марына Уладзі прыязджала да яго ў госці. На жаль, той дом, дзе пасяліліся Уладзімір і Марына, не захаваўся. Захаваўся толькі хлеўчык.

Пасля знаходжання на Літоўцы была напісана адна з самых лепшых песень Высоцкага «Лірычная», прысвечаная Марыне Уладзі.

З Літоўкі Высоцкі і Уладзі адправіліся ў Наваградак. Некалькі дзён жылі ў гасцініцы. У той час тут быў усяго адзін нумар люкс - двухпакаёвы з ваннай. Нумар 320. Пасля ён быў пранумараваны як 325. (Спадзяемся, што і новыя гаспадары гасцініцы захаваюць гэты нумар, як памяць аб выдатным чалавеку).

Летам 1969 года на Замкавай гары вяліся археалагічныя раскопкі. У іх браў удзел беларускі гісторык і археолаг Міхась Ткачоў. Паводле яго ўспамінаў, аднойчы да іх на Замкавую гару прыйшоў Высоцкі разам з Марынай Уладзі. Міхась Ткачоў па просьбе гасцей расказаў ім гісторыю замка і горада. Таксама ён распавёў пра Фарны касцёл і пра тое, што менавіта там быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. Марына Уладзі і Уладзімір Сямёнавіч, пад уражаннем ад пачутага, нават залезлі ў раскоп, каб дакрануцца да пласта спаленых дубовых канструкцый старажытных умацаванняў 11 стагоддзя.

У гэты ж прыезд Уладзімір Высоцкі зладзіў свой неафіцыйны выступ для жыхароў горада ў кінатэатры "Звязда".

Наваградак і жыхары горада памятаюць Уладзіміра Высоцкага: акрамя штогадовага фестывалю, у горадзе імем Уладзіміра Высоцкага названы сквер, пастаўлены помнік, для ўсіх жадаючых праводзіцца тэматычная экскурсія па архітэктурным аб'ектах і памятных мясцінах, звязаных з У. Высоцкім.

З нагоды памятнай даты Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей запрашае наведаць:

  • фотавыставу "Высоцкі і Наваградак" - Літоўка, 25.07.2020
  • экскурсію па архітэктурным аб'ектам і памятным мясцінам, якія звязаныя з У. Высоцкім - пачатак а 12.00, 26.07.2020.
934