Гісторыя архітэктурных помнікаў Навагрудчыны. Частка 2. Курган Бесмяротнасці

На Навагрудчыне ёсць шмат мясцін, звязаных з творчасцю і жыццём Адама Міцкевіча. Адным такім месцам з’яўляецца Курган Бесмяротнасці, насыпаны ў міжваенны перыяд у гонар нашага славутага земляка. І ўвогуле, курган, ды яшчэ прысвечаны асобнаму чалавеку - гэта ўнікальная з'ява для Беларусі.

А зараз трошкі пра тое, як гэта адбывалася. Год 1921 - Заходняя Беларусь, у тым ліку і Наваградак, уваходзяць у склад ІІ Рэчы Паспалітай. Да таго ж, людзі яшчэ добра памятаюць прыезд сына Адама Міцкевіча ў горад. Таму, у 1922 годзе ў слаўным горадзе Наваградку ўзнікае добраахвотнае навуковае таварыства — Міцкевічаўскі камітэт, які паставіў сабе наступныя задачы:

  • папулярызацыя жыцця і творчасці земляка;
  • устаноўка помніка Адаму Міцкевічу;
  • арганізацыя музея ў доме паэта.

І не паспеў арганізавацца камітэт, як ужо ў 1924 годзе была закладзена капсула ў падмурку кургана. І так, ажно да 1931 года людзі прывозілі па жменьцы зямлі з месцаў, дзе бываў паэт пры жыцці, а таксама з магілы паэта. Нават былі выпадкі, калі людзі дасылалі ў Наваградак скрыні з зямлёй. Такім чынам, ва "узнясенні" кургана прымалі ўдзел не толькі наваградчане, але і міжнародная супольнасць.

У 1931 годзе, калі земляны насып ужо меў вышыню 17 метраў, адбылося ўрачыстае адкрыццё Кургана Бесмяротнасці. А ў 1992 годзе непадалёк ад кургана быў усталяваны помнік Адаму Міцкевічу.

Сёння Курган Бесмяротнасці з'яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны міжнароднага значэння. Таму, калі будзеце ў Наваградку, не прамініце Малы Замак і падыміцеся на курган - і прад Вамі паўстануць маляўнічыя краявіды, у якія так быў закаханы Адаме і якія ён услаўляў у сваіх баладах.

1044